Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Вольны



Андрэй Вольны. Ляўрэат міжнароднага конкурсу ганчарнага мастацтва. Паводле першай адукацыі – культуроляг, мастак. Працаваў настаўнікам, выкладаў гісторыю мастацтваў у вучылішчы, у сярэдняй школе з мастацкім ухілам. Цяпер сур’ёзна вывучае міжнароднае права. Займаецца ў Беларускім калегіюме.

(Андрэй Вольны: ) “Я пішу вершы на рускай мове, на беларускай мове. Гэта ня значыць, што я паэт, я гэтага слова не ўжываю ў дачыненьні да сябе.

Зараз права вывучаю. Хачу знайсьці сябе... Справа ў тым, што міжнароднае права – той накірунак, аб якім я заўсёды марыў. Што тычыцца культуралёгіі, маёй першай спэцыяльнасці.... Я думаю, што чалавек, які займаецца правам, які заканадаўца, палітык ці яшчэ хтосьці, ён проста абавязаны мець высокі культурны ўзровень, гэты чалавек не павінен быць пустым чалавекам, ён заўжды можа сказаць нешта трапнае, ён павінен быць Чалавекам.

Асяродзьдзем я не задаволены, вядома. А сваім жыцьцём... Я задаволены што у мяне ёсьць пэўныя інтарэсы, ёсьць цікавасьць, ёсьць нейкая ўпэўненасьць, што ўсё будзе добра. Але гэта не з паветра, гэтая ўпэўненасьць. Мне здаецца, я раблю ўсё магчымае, каб дабіцца сваіх мэтаў, таго, што я паставіў перад сабой. І мне здаецца, кожны чалавек можа дабіцца, калі захоча. Для гэтага патрэбна выхаванасьць, каб гэтыя накірункі, мэты былі ня толькі для сябе добрымі, а яшчэ і для другіх людзей...

Калі я прыяжджаю, напрыклад, да аднаго свайго сябры у недалёкім замежжы (ён займаецца керамікай), бачу – ён будуе сабе дом. Выдатны дом, які ў нас у Беларусі сярэдні кляс ня можа дазволіць. Ён можа езьдзіць, нягледзячы на межы, па ўсёй Эўропе. Калі яму цікава, ён можа паехаць на любую выставу ў любую краіну... Ён дае працоўныя месцы людзям, плаціць даволі вялікія грошы. Ён выхоўвае сваіх дзяцей. Калі прыяжджаю да яго і бачу, як ён ставіцца да сваёй жонкі... Я дзіву даюся, мне так падабаецца, такое ўражаньне, што я недзе ў вельмі прыемным месцы, дзе хочацца доўга быць! Калі б тут так было... Тут пакуль такое немагчыма.

Што датычыць, зьяжджаць з гэтай краіны ці не... Калі казаць шчыра, ад душы, я даволі доўга думаў зьехаць пры першай магчымасьці. Але той чалавек, які пабываў за мяжой, мне здаецца, зразумее тое, што я зараз скажу. Калі ты дзень пабудзеш ці два, то цябе не цягне на радзіму. А калі будзеш даволі доўга... Можа, гэта ня ў кожнага, але кошкі скрабуць у сэрцы...

Я думаю, што жыць трэба тут, ня гледзячы ні на што. І мне здаецца, кожны разумны чалавек павінен зразумець, што калі мы будзем адзін на другога спасылацца, гэта становішча будзе вельмі на доўгія гады. Калі кожны чалавек будзе на сваім месцы выконваць ня толькі свае службовыя абавязкі, а яшчэ заставацца чалавекам, клапаціцца ня толькі пра сябе, а думаць пра тых людзей, якія побач, мне здаецца, той прыклад, які я вам прывёў, тут можа быць.

Беларусь у маім уяўленьні – гэта людзі. Калі яны захочуць, то, вядома, Беларусь павінна быць эўрапейскай краінай, а не інакш!
XS
SM
MD
LG