Канапелька Віталь. Два гады працаваў выкладчыкам БДУІР і канчаткова расчараваўся ў адукацыі нашай краіны, лічыць яе занадта тэарытычнай і адсталай. Зараз працуе праграмістам. Захапляецца музыкай і літаратурай. Любімыя стылі ў музыцы – этна, музыка 60-70-х гадоў, сучасны рок. У літаратуры асобых прыхільнасьцей няма – ад Рэмарка і Драйзэра да Пелевіна і Ерафеева. Зь беларускіх пісьменьнікаў падабаюцца В.Быкаў і У.Караткевіч.
(Канапелька: ) “Беларусь, я думаю, нічым не адрозьніваецца ад усяго астатняга сьвету ў тым сэнсе, што кожны разумны чалавек можа тут дабіцца пэўных посьпехаў і забясьпечыць сябе, а таксама сваю сям’ю. У Беларусі неяк цяжэй з таго пункту гледжаньня, што эканамічнае становішча нашай краіны нельга параўнаць, гэта значыць малы заробак, не такі, які дазваляе маладым людзям адчуваць сябе дастойным членам грамадзтва і вырашыць усе свае асобныя праблемы, да якіх у першую чаргу датычыцца праблема жыльля. Таксама да праблемаў я б аднёс праблему нашай вышэйшай адукацыі, якая хоць і агульнадаступная, але я б не сказаў, што яна ўжо такая вельмі добрая, як аб тым склалася грамадзкае меркаваньне. Проста сам ня так даўно скончыў вышэйшую тэхнічную навучальную ўстанову, у якой потым адпрацаваў два гады паводле разьмеркаваньня выкладчыкам і, што называецца, адчуў усю прыгажосьць нашай адукацыі на сабе, так бы мовіць, знутры.
Асноўная праблема нашай адукацыі ў тым, што яна застаецца нейкай вельмі агульнай і вельмі тэарытычнай. У яе няма нейкай практычнай старонкі, якая патрэбная кожнаму маладому спэцыялісту. А то атрымліваецца так, што калі малады чалавек скончыў нейкі унівэрсытэт ці інстытут, ён амаль што нічога ня ўмее па той спэцыяльнасьці, якую набыў. І яму ўладкавацца на добрую працу амаль што няма ніякіх шансаў.
Зараз мне асабіста на жыцьцё няма чаго жаліцца, таму што маю я добрую работу, якая мяне вельмі захапляе. Я працую у галіне вышэйшых тэхналёгіяў, якая зьвязаная з распрацоўкай праграмных забясьпечаньняў. І я так думаю, што гэтая галіна ў нас у Беларусі найбольш пэрспэктыўная і можа даваць маладым людзям нейкія магчымасьці прафэсійна разьвівацца і пры гэтым атрымліваць асалоду ад зарабляных грошай.
Мне здаецца, я амаль што ўсім задаволены. Канечне, ёсьць нейкія праблемкі, як набіўшае аскоміну ў нашым грамадзтве кватэрнае пытаньне. А ўвогуле так склалася, што ўсё ў жыцьці маім ня так уж і дрэнна. У мяне добрыя бацькі, сябры, у асабістым жыцьці ўсё добра.
Я думаю, што маладым людзям перш за ўсё ня трэба ныць, як у жыцьці ўсё дрэнна і несправядліва, нехта ім не дае чагосьці, ці ад іх нічога не залежыць. “Трэба больш працаваць і ў першую чаргу над сабой”.
На жаль, зараз я чытаю мастацкай літаратуры ня так шмат, як хацелася бы мне, усё больш неяк прыходзіцца па рабоце. Але ж са школы яшчэ мяне вельмі вельмі краналі аповесьці Васіля Быкава. Вось нядаўна прачытаў яго апошнюю кніжку “Доўгая дарога дадому”. Гэтая кніга прымусіла мяне задумацца аб будучыні беларусаў як нацыі. Я падумаў, што ўжо магчыма, мае дзеці беларускай мовы можа і ня будуць ведаць. Гэта, вядома, вельмі дрэнна, але гэтую праблему акрамя нас саміх, саміх беларусаў ніхто вырашыць ня здолее”.