Марына Квяткоўская, асьпірантка Інстытуту прыкладной фізыкі Акадэміі навук. Працавала на Менскім падшыпнікавым заводзе, потым скончыла фізычны факультэт БДУ. У Беларускім калегіюме вывучае журналістыку. Любіць вандраваць – захапляецца горным турызмам, ходзіць на байдарках па горных рэках і ў пешыя паходы. Cур’ёзна займаецца зусім не жаночай, здавалася б, справай – вывучае непарушаючыя мэтады кантролю ў машынабудаваньні.
(Марына Квяткоўская: ) “Яшчэ на 5 курсе я для сябе вырашыла, што пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту я буду навучацца ў асьпірантуры. Паступіла пасьля фізфаку ў асьпірантуру Акадэміі навук, у Інстытут фізыкі. Потым я перайшла ў Інстытут прыкладной фізыкі, бо ў мяне зьмянілася тэма дысэртацыіі.
Непарушаючыя мэтады кантролю вельмі распаўсюджаныя: ад космасу да работ пад зямлёй, трубапровады, газапроводы, шахты – там працуюць зь непарушаючымі мэтадамі кантролю і з прыборамі, якія вызначаюць якасьць.
Сытуацыя ў навуцы цяпер даволі складаная, вельмі маленькая заработная плата. У малодшага навуковага супрацоўніка заробак каля 150 тысяч. Гэта, зразумела, вельмі маленькія грошы, а ў каго яшчэ і сям’я, то немагчыма наагул пракарміць сям’ю.
Калі я паступала, пасьля першага году навучаньня ў асьпірантуры каля 60% маіх аднакурснікаў зьехала зь Беларусі. Цяпер яны працуюць і працягваюць вучыцца ў Нямеччыне, у Англіі, у Амэрыцы.
Сваім жыцьцём я, канечне, пакуль што не задаволеная, бо зарплата нявелькая, і хочацца жыць лепей. А што трэба зьмяніць? Калі гаварыць пра навуку, то трэба падымаць навуку на больш высокі ўзровень, і трэба, каб была добрая матэрыяльная база. Па-першае, гэта абсталяваньне. Яно вельмі старое, і каб досьведы нейкія праводзіць трэба новае сучаснае абсталяваньне. А каб закупіць, трэба грошы, а іх ня вельмі шмат...
Я вельмі захапляюся турызмам, вандраваньнямі. Я вандравала па Крыме, Карэліі, па Кольскім паўвостраве, Карпатах, Беларусі, Расеі, хадзіла на байдарках і ў пешыя паходы...
Мая мара – калі я паеду па рабоце ў камандзіроўку на Чукотку, я хачу зрабіць рэпартаж пра гэты край цудоўны, і калі атрымаецца, можа, гэты рэпартаж зьявіцца на сталічным тэлебачаньні”.