Алесь Каліта – дзевятнаццаць гадоў, студэнт апошняга курсу каледжа бізнэса і права, будучы юрыст. Перабраўся ў сталіцу з Магілёву, дзе быў выключаны з трэцяга курсу політэхнічнага тэхнікуму за палітычную дзейнасьць.
(Каліта: ) “У залежнасьці ад таго дзе я буду, чым я буду займацца, альбо гэта будзе палітыка, альбо гэта будзе бізнэс. Палітыка, таму што я патрыётам лічу сябе, а па-другое, бізнэс, таму што, як мне сябры казалі, ды я сам заўважаў, у мяне ёсьць здольнасьці да бізнэсу. Я з чатырнаццаці год сам пачаў зарабляць сабе грошы на карман. Нас, школьнікаў, адсылалі зьбіраць бульбу ў калгас на палі, і я рабіў такую хітрасьць. Усе насілі бульбу ў трактар, а я насіў бульбу ў кусты, а потым гэтую большую бульбу на ровары вёз на кірмаш прадаваў, гандляваў. Пасьля вырошчваў капусту на прысядзібным участку ў бацькоў, а потым прадаваў яе таксама. Мой узрост на той час не дазваляў, каб мяне нехта запрасіў да сябе ў кампанію.
На другім курсе я пачаў цікавіцца палітыкай, што прывяло да таго, што ў канчатковым выніку мяне адлічылі з трэцяга курсу за палітычную дзейнасьць актыўную.
Я лічу, што ўсё што я рабіў, я рабіў правільна. Найбліжэйшая мэта, гэта ўвесну, я зраблю ўсё магчымае, каб атрымаць крэдыт у банку, каб адчыніць пэйнтбольны клюб на Браслаўскіх азёрах, у мяне ёсьць бізнэс-плян, толькі справа за грашыма й за часам.
Пэйнтбольны клюб – гэта гульні на прыродзе, калі людзі апранаюць камуфляж і бегаюць страляюць адзін у аднаго шарыкамі з фарбай. На дадзены момант канкурэнтаў толькі чатыры клюбы ёсьць у Беларусі, а на Браслаўскіх азёрах няма зараз такога клюбу ніводнага.
У мяне ёсьць знаёмая, якая працуе ў банку, але каб атрымаць крэдыт, мне трэба восем тысяч даляраў, трэба закладаць кватэру, ну я пагляджу.
Я люблю рыбалку, люблю вельмі прыроду, у лесе, у цішыні пасядзець, падыхаць гэтым паветрам, па-другое, я люблю кнігі такіх аўтараў, як Дэйл Карнэгі, Робэрт Кіёсакі, Алан Лекер.
Было б супэр, калі б Браслаўскія азёры ўваходзілі ў свабодную эканамічную зону. Мой клюб даваў бы больш падаткі пэнсыянэрам, больш пэнсый, і больш пэрспэктывы разьвіцьця для моладзі. Там вельмі сьціплы сэрвіс, я б сказаў, там усё па савецку. Даць пачатак эўрапейскага разьвіцьця сэрвісу, адносін да людзей.
Калі ня будзе вельмі моцных зьменаў у заканадаўстве, акупіцца гэта на працягу двух-трох месяцаў.
У мяне яшчэ адзін праект, які я буду рабіць, магчыма паралельна, зь сябрам, якога так сама адлічылі з тэхнікума. Ён патрабуе менш затрат фінансавых. Гэтыя грошы магчыма зарабіць самаму, каля дзьвюх тысяч даляраў. Калі я пайду канчаткова на гэта, я спалю за сабой усе шляхі назад, усе масты. Тут альбо пан, альбо прапаў”.