Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Апановіч



Андрэй Апановіч, 20 гадоў. Пасьля сканчэньня школы Андрэй пацярпеў няўдачу на іспытах у БДУ. Але ня падае духам. У наступным годзе будзе паступаць у Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Сёньняшні асноўны занятак Андрэя – гульня на барабанах у гурце “Стары Ольса”. А яшчэ ягоная страсьць – скейтборд.

(Апановіч: ) “Скейтборд – гэта від экстрэмальнага спорту. Мне падабаецца. Я сам займаюся гэтым. Вельмі часта катаемся з хлопцамі ў нас, на раёне. Вельмі напружаньне здымаецца, калі прыходзіш, стаў на дошку і паехаў. Гэта проста кайф. На мой погляд, лепш катацца на скейтбордзе, сабе там адзін раз нагу зламаць, чым проста хадзіць і дзесьці п’янстваваць. Ці некаму там набіць морду. Гэта на мой погляд лепш.

Вялікая такая праблема зараз у Беларусі, што ў нас няма скейтпаркаў. Для таго, каб моладзь зьбіралася і каталася. У нас людзі катаюцца проста на вуліцы. Трэба будаваць скейтпарк у нас. Зараз шмат людзей, шмат моладзі пачынаюць займацца гэтым. У Амэрыцы, напрыклад, толькі ў адной Каліфорніі тры мільёны скейтэраў. Ну, у нас крыху меньш. Я ня ведаю, зараз шмат. Я вось днямі бачыў дзяўчынку, яна ішла з дошкай. Такая ўся стомленая. Гэта могуць усе рабіць.

Я думаю, што “Стары Ольса” – гэта даўгавечны гурт. Таму, што такая музыка зараз вельмі цікавіць людзей. І мы амаль адзіны гурт у Беларсі, які грае такую музыку. Сярэдневечную. Таму я думаю, што будзем шмат гадоў існаваць. Яшчэ будуць гурты іншыя, якія таксама будуць граць такую музыку.

Сёньняшняя Беларусь мяне не задавальняе. Таму, што вельмі цяжка жыць і музыкам, і ўвогуле простым людзям. Я думаю, усё наша становішча цяперашняе, усё залежыць ад аднаго чалавека. Колькі ён захоча быць пры ўладзе, столькі мы і будзем так жыць. І трэба проста нешта рабіць.

Мае партнёры па скейтынгу ведаюць, што я музыка. Ім падабаецца вельмі. Я ім прыношу заўсёды свае запісы. Кажу: “Паслухайце, хлопцы”. Слухаюць. “Блін, крута, – кажуць – Бачылі цябе па тэлебачаньні”. Ім вельмі падабаецца “Стары Ольса”.

Іх стаўленьне да беларускай мовы вельмі неабыякавае. Яны за беларускую мову, за тое, каб размаўляць на беларускай мове. Гэта не якія-небудзь там адмарозкі. Нармальныя людзі.

У беларускай мовы ёсьць будучыня. Я думаю, мы празь некалькі год… У нас будзе адна мова дзяржаўная. Беларуская. Вельмі-вельмі хочацца, каб была толькі адна мова”.
XS
SM
MD
LG