Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынюк Жана


Мартынюк Жана, 21год. Нарадзілася і скончыла школу ў Берасьці, атрымала стыпэндыю і паехала вучыцца ў Польшчу, бо яшчэ ў школе авалодала польскаю моваю. Зараз на 4 курсе, ёй засталося вучыцца яшчэ год. Захапляецца журналістыкаю і часам піша артыкулы для прэсы.

(Мартынюк: ) “Эканамічная акадэмія, у гэтай акадэміі я вывучаю фінансы, эканоміку і банкаўскую справу, пасьля гэтага я буду магістрам эканомікі. У будучыні я хацела бы вярнуцца ў Беларусь, я мару, каб зьмяніць сытуацыю, у якой знаходзіцца наша Бацькаўшчына. На маю думку, найбольшы клопат Беларусі ў тым, што інфляцыя вельмі высокая і вельмі высокі дэфіцыт бюджэту.

Калі я вырашыла, што буду вучыцца ў Польшчы, я разважала так, што Польшча яшчэ на пачатку 90-х гадоў знаходзілася ў вельмі падобнай сытуацыі, тады ніхто ў Польшчы не казаў пра рынак, пра мэханізмы рынкавыя, а цяпер Польшча – кандыдат у Эўразьвяз. Атрыманая тут адукацыя будзе вельмі патрэбная мне ў будучым жыцьці.У Польшчы я атрымала веды аб тым, як павінна функцынаваць добрая гаспадарка.

Калі я прыехала ў Польшчу, пабачыла шмат украінцаў і тое, што яны вельмі шануюць Украіну, сваю нацыянальнасьць. Мне стала крыўдна, што мы – беларусы ня маем такой беларускасьці ў сваім сэрцы, у сваёй душы. І таму я хацела бы ўсё ж вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб дапамагчы, каб зрабіць рэчы, якія будуць карысныя для нашай гаспадаркі.

Не задавальняе мяне тое, што студэнты, зь якімі я вучуся, лічаць, што мы, якія прыехалі зь Беларусі, з Украіны, што мы людзі другога гатунку. Прыкра, выкладчыкі маюць вельмі добрыя адносіны да нас, але моладзь настроеная непаважліва.

Для мяне вельмі непрыемным ёсьць тое, што Захад як бы адвярнуўся ад Беларусі, Беларусь пакінутая сам-насам. На маю думку, мала дапамогі аказваюць і Захад, і таксама Польшча. Мне Польшча не чужая і не далёкая таму, што сувязі такія эмацыянальныя, гістарычныя адчуваюцца нават цяпер, калі гісторыя Польшчы і Беларусі ідуць у розных накірунках. Я баюся, каб гэтыя візы, якія ўвялі нібыта пад прымусам Эўразьвязу, каб гэтыя візы ня сталі такім Бэрлінскім мурам.

Я, калі прыяжджаю дадому, заўсёды сустракаюся са сваімі сябрамі са школы. Я бачу, што яны не цікавяцца тым, што творыцца ў краіне, што для іх гэтая беларускасьць, нацыянальная ідэя не такія важныя.

Польская моладзь вельмі амбітная, яны ведаюць, чаго хочуць ад жыцьця і робяць усё магчымае, каб дасягнуць свае мэты. А беларуская моладзь не такая амбітная, яны нічога не чакаюць ад жыцьця. Я б вельмі хацела, каб гэта зьмянілася, таму што беларускі народ сапраўды заслугоўвае лепшага жыцьця".
XS
SM
MD
LG