Вольга Шэўчык, вучаніца 10 кляса СШ №178 г.Менску. Яшчэ дакладна ня ведае, кім бы хацела стаць у будучыні, але сур’ёзна ставіцца да ўсіх заняткаў, хоча быць агульнаразьвітай і сьвядомай у розных галінах. Зь беларускай літаратуры больш захапляецца паэзіяй і сама спрабуе пісаць вершы. Любімыя пісьменьнікі Якуб Колас і Максім Багдановіч.
(Шэўчык: ) “Я лічу, што ня ўсёй моладзі нашай краіны жывецца добра, таму што шмат маладых людзей засталіся без сваіх бацькой, бяз мамы і таты, і ім проста няма дзе жыць, няма з кім паразмаўляць. А ўвогуле, моладзі, я думаю, жывецца добра.
Мне жывецца добра. Я нарадзілася ў той краіне, якую люблю, у мяне ёсьць тата з мамай, у мяне ёсьць кватэра, у мяне ёсьць любімы брацік. У нашай сям’і ўсе любяць адно аднаго. І мне здаецца, што гэта вельмі добра.
У сваім жыцьці я хацела б дасягнуць шмат чаго: скончыць добра школу, паступіць у які-небудзь унівэрсытэт; потым я хацела б уладкавацца на працу, якая б давала магчымасьць атрымліваць шмат грошаў, каб я магла ня ў чым сабе не адмаўляць, і мая сям’я жыла ў дастатку. Я ведаю толькі мужчынскія прафэсіі, якія даюць такую магчымасьць, а жаночых прафэсіяў я нават і ня ведаю. Напрыклад, бізнэсоўцы, таксама будаўнікі-муляры ў Беларусі даволі такі добра зарабляюць. Увогуле, жанчына павінна быць маці, а мужчына вінен зарабляць грошы і прыносіць іх у сям’ю. Шчасьлівы чалавек гэта той, які жыве ў дастатку, у якога ёсьць сям’я, у якога здароўе добрае. Чалавек павінен імкнуцца да дасягненьня сваіх мэтаў.
Хобі ў мяне няма, але я вельмі люблю праводзіць свой вольны час з маімі сябрамі. Я люблю хадзіць разам зь імі ў кіно, тэатар, паркі, азначаць разам сьвяты. Маё любімае сьвята – мой дзень нараджэньня, таму што яно бліжэйшае да мяне, таму што гэта асабіста маё сьвята, яно бліжэйшае да мяне, чым Новы Год, Пасха.
Слухачы радыё “Свабода”! Пачынайце вучыцца яшчэ зь першых клясаў, каб у вашым жыцьці не было чорных плямаў!”