Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Маслоўскі


Адам Маслоўскі, 22 гады, беларус зь Беласточчыны. Адам зараз часова жыве ў Славеніі, у сталіцы краіны горадзе Любляна. Ён вырашыў падзяліцца з намі сваімі ўражаньнямі аб гэтай паўднёва-эўрапейскай краіне, лёс якой, на яго думку, падобны на лёс Беларусі.

(Маслоўскі: ) "Я прыехаў вучыцца ў Славенію, Унівэрсытэт Эдварда Кардэлья, філязофскі факультэт, аддзяленьне славянскіх моваў. Прыехаў толькі на 4 месяцы, пасьля вяртаюся ў Варшаву. Я тут толькі на стыпэндыі, нармальна я студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту, таксама факультэту славянскіх моваў.

Я родам зь Беласточчыны. Мае дзяды гаварылі па-беларуску, але ад бацькоў я не пасьпеў навучыцца мове. Літаратурную мову змог вывучаць толькі ў Варшаве, таму што на Беласточчыне ў маёй ваколіцы не было ніякай магчымасьці хадзіць у беларускую школу, найбліжэйшая беларуская школа знаходзіцца ў 120 кіляметрах ад маёй мясцовасьці. У Варшаве ў аддзяленьні славянскіх моваў можна было выбраць як дадатковы лектарат з 30 моваў, я пайшоў на курс беларускай мовы.

Я тут прыехаў, каб як мага лепш вывучыць славенскую мову, акрамя таго, яшчэ зьбіраю матэрыял для маёй будучай дысэртацыі. Мая прафэсія будзе – перакладчык са славенскай мовы.

У параўнаньні з палякамі, здаецца, таксама зь беларусамі, славенцы большую ўвагу аддаюць сваёй тоеснасьці, сваёй мове, сваёй культуры. Напрыклад, ва ўнівэрсытэце, калі вывучаеш славенскую мову, на ўсіх занятках кожны дзень паўтараецца – якую ролю адыгрывае славенская мова у адносінах да сёньняшняга грамадзтва. Нацыянальныя героі вельмі папулярныя, і таксама сярод моладзі. Напрыклад, нацыянальны гімн пускаюць на дыскатэках, і людзі танчаць пад гімн.

Паміж славенцамі і беларусамі ёсьць вельмі падобнае – гэта шматлікія факты з гісторыі таму, што славенцы, як і беларусы, ня мелі доўгі час сваёй дзяржавы, ня мелі ніякіх культурных установаў, якія маглі б дапамагчы разьвіваць культуру, захаваць мову, якая была пад пагрозаю з боку нямецкай мовы.

Славенія атрымала незалежнасьць у 1991 годзе, з распадам Югаславіі. Ім удалося вельмі шмат зрабіць. Славенія паводле апошняга рапарту эўрапейскай камісіі найлепш прыгатаваная з усіх дзяржаваў, якія далучаюцца ў будучым годзе да Эўразьвязу. Можна сказаць, што сёньня славенцы ўжо ня маюць ніякіх праблемаў са сваёй тоеснасьцю, са сваёй моваю, яны вельмі добра разьвітыя. Апошнім часам чуў, што славенцы выдаюць найбольш кнігаў на аднаго чалавека з усіх народаў Эўропы".
XS
SM
MD
LG