Надзея Маўчун, 16 гадоў. Зь дзяцінства марыла стаць пэдагогам. Сёлета паступіла вучыцца ў Менскі дзяржаўны пэдагагічны каледж. Яна – заўзятая тэатралка, не прапускае ніводной прэм’еры ў Беларускім тэатры. Будучая спэцыяльнасьць Надзеі – лягапэд.
(Надзея Маўчун: ) “Што тычыцца маёй спэцыялізацыі, я яе выбрала таму, што гэта вельмі цікава. Таму што менавіта лягапэды выпраўляюць мову, робяць яе больш цікавай, пісьменнай, прыгожай. Добра быць у дарозе той, якую ты сам сабе выбіраеш. Я аб гэтай спэцыяльнасьці марыла даўно. Пэдагог – гэта той чалавек, які нясе вельмі вялікую адказнасьць перад грамадзтвам. Калі дзіця нараджаецца, першымі ягонымі пэдагогамі зьяўляюцца бацькі. Потым – выхавацель дзіцячага саду. Пасьля дзіцячага саду маленькага чалавечка сустракае школа з настаўнікамі, якія больш глыбока знаёмяць яго з навакольным сьветам. Пасьля школы з усімі набытымі ведамі і намаганьнямі абітурыент спрабуе паступіць у інстытут, каледж альбо тэхнікум. Там ён сутыкаецца з выкладчыкам, у якога больш важная задача – прывіць любоў і адказнасьць да той спэцыяльнасьці, якую чалавек выбраў. Таму што як яны нас навучаць, так і мы будзем сваю службу несьці.
Я вучуся толькі два месяцы ў гэтым коледжы, але ўжо адчула вялікую розьніцу паміж школай і каледжам. Настаўнікі да нас ставяцца больш сур’ёзна, як да роўных. Што тычыцца мерапрыемстваў, іх таксама больш, і яны больш цікавыя. Але не задавальняе адно: гэта наша стыпэндыя. На жаль, яна толькі 30 тысяч. Але за 30 тысяч ты не разгуляешся: а моладзі хацелася б схадзіць і на дыскатэку, і ў тэатар, трэба апрануцца...
На жаль, падпрацаваць амаль немагчыма. Бо, па-першае, моладзі на першым курсе толькі па 16-17 год, на працу не бяруць. І трэба вучыцца, бо нельга запускаць вучобу. А таксама трэба аўтарытэт заслужыць перад настаўнікамі...
Адна з маіх любімых справаў – чытаць, я люблю вельмі рускую літаратуру, беларускую літаратуру таксама люблю. Яшчэ вельмі люблю беларускі тэатар. Мае любімыя спэктаклі – “Паўлінка”, “Смак яблыка”, “Князь Вітаўт” і ўсе гістарычныя п’есы, якія пастаўленыя ў гэтым тэатры.
Сваім жыцьцём я задаволеная. У мяне ёсьць мая сям’я, якую я вельмі люблю. У мяне ёсць любімая праца. Я ўжо зрабіла першы крок да сваёй мэты. Я б нічога не зьмяняла ў сваім жыцьці. Я б хацела проста дасягнуць сваёй мэты. Я хачу стаць добрым лагапедам і стаць проста добрым чалавекам. Знайсьці тою дарогу, па якой бы я захацела з захапленьнем і задавальненьнем ісьці па ўсім жыцьці сваім”.