Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Кануньнікаў



Зьміцер Кануньнікаў, 17 гадоў, скончыў школу ў Горадні і прыняў удзел у конкуре, які штогод праводзіў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Як пераможца атрымаў стыпэндыю на навучаньне ў адным з 10 міжнародных каледжаў, якія рыхтуюць моладзь з розных краінаў да паступленьня ў замежныя ўнівэрсытэты. Зь верасьня Зьміцер вучыцца ў міжнародным каледжы Адрыятыкі, які знаходзіцца ў Дуіна каля Трыесту.

(Кануньнікаў: ) "Тут з 83 краінаў, здаецца, прадстаўнікі. Падрыхтоўка да ўнівэрсытэту агульная, але ўжо ёсьць спэцыялізацыя. Я, напрыклад, выбраў эканоміку, матэматыку. Я буду вучыцца 2 гады, а пасьля паспрабую паступаць. Тут у нас такая традыцыя, што з гэтага каледжу падаюць дакумэнты ў Прынстан у ЗША. Я пастараюся падаць дакумэнты ў Прынстан.

Было спачатку даволі цяжка. У нас іншая сыстэма адукацыі, зусім па іншаму заарганізавана. Тут усё па-ангельску. Неяк усё так зроблена, што кожны ходзіць сам па сабе, няма нейкіх груповак. Гэтая сыстэма міжнародных каледжаў, яна як бы прадугледжвае, што кожны сам па сабе тут вучыцца і ні на каго іншага не глядзіць.

Каледж прадстаўляе магчымасьці для бясплатных вандровак. Мы былі ў Вэнэцыі, у Падуі, яшчэ на тыдзень езьдзілі ў Рым. Адзін студэнт арганізаваў праект "Фашыстоўская архітэктура Рыма", некалькі чалавек да яго далучыліся, і я ў тым ліку. Цікава было паглядзець, што яны там будавалі. Яны хацелі неяк абгрунтаваць сваю ідэялёгію з гістарычнага пункту гледжаньня. што вось фашызм, ён і раней быў. Напрыклад, стаіць статуя Цэзара і надпіс пад ёю, што яна была пастаўленая праз 11 гадоў пасьля аднаўленьня фашызму. Гэта значыць. што быццам бы ў ранейшыя часы, у старажытным Рыме быў фашызм. Такія будынкі і гэтыя ўсе статуі стылізаваныя пад той час, яны выглядаюць проста жудасна. Яны такія грандыёзныя, што калі іх бурыць, то атрымаецца вялікая пустая плошча. У цэнтры, на плошчы Вэнэцыі, яны пабудавалі такі палац у некалькі кіляметраў. Вельмі непрыемнае пачуцьцё, яны хацелі рабіць, як старажытныя скульптары, але ня ведалі як, усё выглядае далёкім ад мастацтва.

Яшчэ там быў праект – хадзіць па цэрквах і глядзець, чым адрозьніваюцца мазаікі. Потым хадзілі паглядзець у Ватыкан, у музэй Ватыкана.

Зараз, седзячы тут, гляджу, успамінаю Беларусь і думаю, што ў нас там ня так усё кепска, як здавалася раней, мы таксама шмат чаго можам. Я прыехаў сюды толькі вучыцца, потым хачу назад вярнуцца, але адукацыю хачу тут атрымаць. У нас, канечне, школьная адукацыя вельмі моцная, тут гэта вельмі добра бачна, асабліва ў матэматыцы.

Паступіў ў Гарадзенскі універсытэт, на эканоміку, завочна. Пастараюся працягваць навучацца і ў Беларусі на завочным, і тут”.
XS
SM
MD
LG