Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля


Натальля – студэнтка, будучы юрыст. Марыць авалодаць майстэрствам цырульніка, а таксама скончыць курсы кіроўцаў, атрымаць кіроўскія правы. Захапляецца музыкай, жывапісам, сама добра малюе. Піша вершы і прозу. Займаецца ў Беларускім калегіюме. На першае месца ставіць вучобу, да сваёй будучай прафэсіі ставіцца вельмі сур’ёзна. Але ёсьць і пэўныя праблемы...

(Натальля: ) “Гэта вельмі цікавая прафэсія. Па-першае, у кожнай хаце, у кожным доме патрэбна, каб быў юрыст, таму што нашае жыцьцё завязанае, базуецца на заканадаўстве. Трэба ведаць, як трэба паступаць, каб не папасьці “ўпрасак”. Я паступала ў дзяржаўны ВНУ, але ў мяне не атрымалася.

Цяпер я вучуся ў недзяржаўным ВНУ – Менскім інстытуце кіраваньня. Наагул, у нас вельмі добрыя выкладчыкі. Але ўсё гэта – у тэорыі. Нашае кіраўніцтва – я ня вядаю чаму – вельмі мала нам дае магчымасьцяў на практыцы нашыя ўсе веды паказаць. На 4 курсе нам абяцаюць, што будзе месяц практыкі, і калі мы будзем рыхтавацца да дыплёму, таксама будзе практыка. У мінулыім годзе была азнаямляльная практыка, мы проста схадзілі ў суд, паглядзелі, што там і як. А студэнты з іншых ВНУ нам расказваюць, што ў іх ёсьць практыка правядзеньня юрыдычных кансультацыяў студэнтамі, калі іх выкладчыкі прысутнічаюць і дапамагаюць ім у гэтай справе. Студэнты дапамагаюць простым людзям...

Атрымоўваецца, што мы – будучыя юрысты без практычных нейкіх здольнасьцяў. І вельмі шмат я ведаю студэнтаў, якія пасля 5 курсу спрабаюць уладкавацца на працу. І адно з пытаньняў, якія ставяцца наймальнікамі – ці ёсьць нейкія навыкі юрыдычныя. Трэба мець мінімальна два гады працы. А так як мы – недзяржаўны ВНУ, нас ніхто не ўладкоўвае на працу, нам трэба самім уладкоўвацца. Вось гэта мяне хвалюе – як нам быць далей.

Сказаць, што я шчасьлівая наагул – так, напэўна, ня скажаш. Але ў мяне ёсьць ўсё, што патрэбна для шчасьця. У мяне ёсьць добрая сям’я, у мяне ёсьць хлопец, які мяне заўсёды падтрымлівае, у мяне ёсьць тая прафэсія, да якой я імкнуся. Мне вельмі падабаецца вучыцца. Калі я атрымаю першую вышэйшую адукацыю, буду імкнуцца атрымаць другую. У мяне шмат думак, шмат чым хацела б займацца.”
XS
SM
MD
LG