Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Мяккі



Юры Мяккі, 24 гады. Нарадзіўся ў палескай вёсцы, адселенай пасьля Чарнобылю. Цяпер жыве ў Менску. Працуе мастаком-дызайнэрам у Інстытуце інфармацыйных тэхналёгіяў.

(Мяккі: ) “Я хацеў бы зарабляць грошы сваёй справай, дызайнам, напрыклад. Але дызайн такая прафэсія, яна там патрэбная, дзе ёсьць грошы. Мяне не задавальняе мой фінансавы ўзровень. Фінансавы ўзровень беларускай моладзі наагул нізкі. Таму прыходзіцца неяк вабіць сваю душу творчасьцю. Як мастак. Ну, пра грошы думаць неяк дрэнна. Я лічу, што людзі перш за ўсё павінны жыць прыгожа.

Пэўны час я хацеў зьехаць зь Беларусі. Потым я неяк інакш пачаў глядзець на справы. Я зразумеў, што гэта мая радзіма. Мне тут хораша. Я тут нарадзіўся. Тут жывуць мае бацькі. Значыць я павінен тут жыць і працаваць. А як жа?

Я стараюся любіць жыцьцё такім, якое яно ёсьць. І атрымоўваць ад яго ўсё лепшае. Я так жыву. Для мяне вось выйсьці ў поле, паглядзець на аблокі і, можа, падыхаць паветрам – куды важней, чым нейкія там урбаністычныя радасьці.

Я ня вельмі люблю горад. Мне больш падабаецца недзе ў вёсцы, на прыродзе.

У мяне ёсьць мары наконт маёй творчасьці. Але гэта больш такі інтымны бок. А наконт радзімы, канечне, я мару, каб мая радзіма расквітнела. Каб я бачыў прыемных, радасных людзей. А ня вось такія твары шэрыя, як цяпер. Гэта мая мара. Я мару, каб гарады былі такія каляровыя, вясёлыя. Каб больш было шчасьлівых людзей на гэтай зямлі. Таму, што яна такая шматпакутная, многа сьлёзаў Беларусь праліла. І людзі таксама.

Я ніколі не забуду, калі я ехаў з прыгарада ў Прагу, на электрычцы. Я глядзеў у вакно на чэскія краявіды. І мне нешта так на сэрцы стала цяжка, так сьціснула сэрца, што захацелася на радзіму. У мяне аж неяк сьлёзы пацяклі. Я яшчэ чытаў тады вершы Анатоля Сыса, і мне неяк так жалосна стала на душы. Я ўзяў аловачак і мне пачалі прыходзіць вершы пра радзіму. Я рэдка складаю вершы, але часьцей за ўсё на беларускай мове чамусь.

Так адбылося, што вось такая хвіліна аддаленьня ад радзімы, яна так дзейнічае на чалавека, што ён пачынае адчуваць свае карані."
XS
SM
MD
LG