Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Міхаленка



Кацярына Міхаленка ў свае 22 гады авалодала даволі рэдкай прафэсіяй – круп’е ці дылера. Працуе ў казыно сталічнага гатэлю “Менск”. Сама Каця лічыць, што гэта часова. Вучылася на платным аддзяленьні ў БДУ, але разумела, як цяжка яе маці плаціць за вучобу. Перавялася на завочнае, пасьпяхова скончыла курсы круп’е. Цяпер адчувае сябе самастойнай, бо на аплату вучобы і кватэры зарабляе сама. Цяперашнюю сваю працу лічыць вельмі цікавай і пазнавальнай, хаця і даволі напружанай.

(Міхаленка: ) “Гэта даволі цяжка. І ня столькі фізычна, колькі псыхалягічна. Там, дзе гуляюць на грошы, няма ніякіх добрых адносінаў. Грошы – гэта грошы. Самая прафэсія патрабуе нейкай вытрымкі псыхалягічнай. Дылер павінен быць, перш за ўсё, псыхолягам, я лічу. Каб працаваць, недастаткова добра лічыць, добра працаваць з картамі. Трэба разумець псыхалёгію, трэба ведаць, як з кім размаўляць, што можна сабе дазволіць, што нельга. Гэта з вопытам прыходзіць. Гэтаму не навучаць. Гэта трэба на сваёй шкуры пазнаць.

Беларусы ўвогуле, зараз я так думаю, гэта азартная нацыя. Раней я так не думала... Прычым азартная, пачынаючы ад простых рабочых, кіроўцаў таксовак і да дэпутатаў... Публіка вельмі-вельмі разнастайная, гэта і студэнты, і тэлевядучыя, і спартоўцы, і палітыкі, і камэрсанты, і бандыты. Хто заўгодна. Калі чалавек азартны, няма ніякай розьніцы, хто ён па прафэсіі. Калі ў яго ёсьць грошы, ці гэта маленькая сума, ці вялікая – аднолькава азартна гуляюць. Я думаю, гэта не залежыць ад колькасьці грошай, гэта залежыць ад ступені азартнасьці чалавека. Тыя людзі, хто, здаецца, і зарабляе ўсяго нічога, бывае, гуляюць так... Але потым разумееш, што ў гэтым казыно выйгралі, у тым – прайгралі... Ёсьць такія пералётныя птахі, якія з аднаго казыно ў другое пархаюць. Заможныя кліенты таксама ёсьць. Ёсьць. Але ў асноўным –сярэдняя кляса.

Пакуль гэта хвароба ў нейкіх колах своеасаблівых. Не тая ў людзей матэрыяльная база, каб проста пайсьці і паставіць на кон грошы, якія зарабляеш працай. Складваецца ўражаньне, што ня ўсе наведвальнікі казыно жывуць па сваіх даходах.

Першая і асноўная выснова для мяне: я для сябе вырашыла, што мой муж, калі ён будзе некалі – гэта ня той чалавек, які гуляе ў казыно, азартны чалавек. Бо гэта такая хвароба, якая патрабуе вельмі шмат грошай, вельмі шмат нэрваў. Я цешу сябе надзеяй, што змагу адрозьніць, азартны гэта чалавек ці нармальны.

Вось зараз, у маім узросьце, мне даволі цікава там працаваць. Па-другое, у нас для моладзі без вышэйшай адукацыі ня так шмат месцаў, дзе можна працаваць. І каля паловы тых, хто працуе ў казыно, каля паловы круп’е – яны працуюць якраз дзеля таго, каб плаціць за вучобу. Тых, хто працуе гадамі, няшмат. Многія проста не вытрымліваюць тых адносін, якія там існуюць, цякучасьць вялікая. Зараз мне цікава працаваць, але я разумею, што гэта не прафэсія майго жыцьця, і доўга я гэтым займацца ня буду. Я так лічу пакуль што.
XS
SM
MD
LG