22-гадовы Андрэй Лянкевіч – кампутаршчык, студэнт БДУІР, родам з Гародні. Працаваў будаўніком у ЗША, ад таго часу лічыць Нью-Ёрк цэнтрам плянэты. Аднак добраахвотна вярнуўся ў родны “край лясоў ды балот”. У Нью-Ёрку адчуў у сабе прагу да фатаграфаваньня. Цяпер здымае і ня можа спыніцца. Лічыць, што ў нашай краіне жыць “прыкольна”, бо тут у Беларусі жыцьцё непрадказальнае.
(Лянкевіч: ) “Ну, я ехаў туды, каб вярнуцца. Першая думка, якая зьявілася па прылёце ў Нью-Ёрк, гэта думка пра радзіму, пра людзей, што там засталіся, і справы, якія трэба дарабіць.
Мы едзем туды з аднымі думкамі, вяртаемся зь іншымі. І робім нейкія высновы: ці варта там застацца і нешта зрабіць там, ці вартыя таго, каб быць тут і рабіць тут? Вярнуцца… Я ня ведаю, гэта нешта большае за рацыянальнае тлумачэньне. Бо тут Беларусь. Кожны дзень кагосьці саджаюць, кагосьці выпускаюць, кагосьці звальняюць, кагосьці бяруць на працу. Жыць прыкольна насамрэч – найперш таму, што тут Беларусь.
Я рабіў амэрыканцам дамы і пакрываў іх гэтак званым сайдынгам. Два месяцы папрацаваў, а потым мяне ўзяла страшэнная настальгія. Тады я паехаў у Нью-Ёрк, проста жаць і глядзець на паркі, сквэры, музэі, як людзі там танчаць, сьпяваюць, жывуць, мітусяцца…
Для мяне гэта да гэтага часу – цэнтар сусьвету, калі казаць пра плянэту. Там я пачаў рабіць свае першыя і хіба найлепшыя здымкі, ня ведаю чаму. Была проста фотакамэра, проста вуліца. Імгненьне – і сапраўды атрымоўваўся нейкі шэдэўр.
Праз паўгады ў мяне будзе вышэйшая адукацыя – БДУІР, факультэт радыёфізыкі, спэцыяльнасьць – камэрцыйная дзейнасьць на рынку інфармацыйных паслуг і радыётэхналёгій. Але, на жаль, пакуль мне гэта не спатрэбілася.
Акадэмія мастацтваў набірае раз на чатыры гады па 10 чалавек. Але там трэба здаваць прадметы, пакуль недасягальныя для мяне – кампазыцыя, графіка, малюнак… Мне патрэбная і псыхалёгія, каб выцягваць зь людзей нейкі вобраз, калі іх фатаграфуеш… Пяць хвілін – і чалавек прыходзіць у дзіўнай чырвонай вопратцы з выявай Чэ Гевары і гатовай усьмешкай.
Люблю ўсё новае. Новыя кнігі, новыя фільмы, новыя ўражаньні, новыя людзі, новыя краіны. І ўядаюся ў гэтае жыцьцё, разьдзіраю яго, імкнуся наперад. І я нічога не баюся, бо раблю справу, якую хачу рабіць. Гэта, відаць, самае галоўнае.”