Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юля Казлоўская


Казлоўская Юля – навучэнка менскай сярэдняй школы №178, 15 гадоў. Захапляецца гісторыяй і культурай розных краінаў, марыць аб’езьдіць увесь сьвет. Вельмі любіць свой родны горад Менск. Улюбёны занятак – вывучаць асаблівасьці беларускай сталіцы, наведваць зь сябрамі славутыя мясьціны гораду.

(Казлоўская: ) “Я лічу, што маладым людзям у Беларусі жывецца вельмі добра, таму што ў нашай краіне існуе шмат культурных цэнтраў, тэатраў, музэяў, кавярняў, дыскатэкаў, адкрываюцца новыя паркі, новыя атракцыёны, шмат новых пабудоваў. Асабіста я лічу, што моладзі нашага гораду вельмі падабаецца жыць у нас, таму што ўсім падабаецца быць разам.

Я б хацела дасягнуць стабільнасьці ў жыцьці. Калі я вывучуся, я хачу паступіць ва ўнівэрсытэт на мэнэджмэнт альбо турызм і мэнэджмэнт. Я вельмі хачу быць турыстычным гідам, бо люблю наведваць розныя краіны. Мне вельмі падабаецца вывучаць новыя мовы, знаёміцца з новымі людзьмі, пазнаваць асаблівасьці культуры розных краінаў.

Я люблю сваю краіну. Мне проста падабаецца жыць у Беларусі. Мы можам зь гісторыі даведацца, як жыла і будзе жыць краіна. Зараз у школе мы вывучаем, як стваралася нашая краіна, як зараджаліся вытокі нашага гораду. Калі настаўнік цікава распавядае пра гісторыю, то гэта вельмі займальна і вельмі навучальна. Але, калі гэта вядзецца манатонна і нудна, то сядзіш і проста засынаеш на ўроку.

Наш народ не размаўляе па-беларуску, бо навучаньне на беларускай мове не такое частае ў школах, і пераважна ўсе тэлевізійныя і радыёпраграмы – рускамоўныя. Але ж шмат маіх сяброў размаўляюць толькі па-беларуску, і я падтрымліваю зь імі адносіны. Я лічу, дрэнна, што нашыя людзі не размаўляюць на беларускай мове, таму што мы жывем у Беларусі, наша нацыянальная мова – беларуская, але размаўляем мы па-расейску. Мы павінны падтрымліваць статус нашай дзяржавы.

Каб дасягнуць сваёй мэты, я спачатку скончу школу, а потым буду паступаць ў вышэйшую навучальную ўстанову. Я паспрабую вучыцца вельмі добра, але забавы закідваць я не зьбіраюся.

Слухачам Радыё “Свабоды” я жадаю, каб яны не сумавалі, не задумваліся аб сваіх праблемах, а проста ішлі і цяклі па цячэньню, як жыцьцё ідзе, каб яны разам зь ім ішлі. Бо калі выбраць правільны шлях у жыцьці, то гэты шлях не давядзе да дрэннага. Правільны шлях гэта – навучыцца, атрымаць адукацыю, потым пайсьці куды-небудзь працаваць, і стаць добрым чалавекам у жыцьці.”
XS
SM
MD
LG