Вольга Кісялёва – 17-гадовая дзяўчына з Крычава, яна вучыцца ў 11-ай клясе мясцовай гімназіі. Вольга займаецца кампутарным праграмаваньнем. Кампутары і грамадзкая праца – найбольш любімыя яе заняткі. Дзяўчына бярэ актыўны удзел у моладзевай грамадзкай арганізацыі “Верас”, якая аб’ядноўвае маладых дэмакратаў Крычава.
(Кісялёва: ) “У нашым горадзе ўлада строгая, яна ставіцца да моладзі, як да чагосьці меншага. Маладым людзям цяжка тут жыць. І старэйшаму пакаленьню таксама цяжка, таму што малыя заробкі.
А ў мяне толькі адна маці. Бацька памёр, калі мне было 11 гадоў, таму нам з маці вельмі цяжка. Яна атрымлівае цяпер 200 тысячаў рублёў. За кватэру плоцім трохі, харчуемся ды і ўсё. Больш грошай няма.
Я задаволеная, што я ў нашай моладзевай арганізацыі “Верас”. Чаму мне тут добра? Бо заўсёды ёсьць што рабіць: ёсьць праца, ты ведаеш, куды падацца, куда пайсьці і што рабіць. Я хачу ў Крычаве жыць, але каб больш для моладзі было магчымасьцяў: атрымаць і добрую адукацыю, і каб свой духоўны лад быў нейкі.
А сваё жыцьцё… Што ў мяне ў жыцьці? Проста чалавек з Крычава. Усё добра, толькі з мамай трохі спрачаемся. Яна толькі яшчэ пачала разумець, што арганізацыя нашая вельмі патрэбная моладзі, ня толькі для мяне, але і іншым. А адразу яна думала, што гэта проста такая “тусьня”, як дыскатэка, і нічога там добрага няма. Маўляў, яшчэ маю Вольгу завядуць куды-небудзь, напоюць… Вось такое яна думала. А зараз ужо больш адэкватна рэагуе на гэта.
Слухачам радые “Свабоды” я б параіла: самае галоўнае – гэта не сядзець на месцы, проста склаўшы рукі. Каб жыцьцё было добрае, трэба нешта рабіць. І за гэта заўсёды трэба аддаваць частку сябе.
Каб быць шчасьлівым у Беларусі, трэба больш усьміхацца, быць добрым, з душой чалавекам. Больш прыязна ставіцца да людзей. І быць аптымістам.”