Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Міхаленка



Кастусь Міхаленка, 24 гады. Скончыў Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт культуры па спэцыяльнасьці “рэжысура”, потым магістратуру па спэцыяльнасьці “культуралёгія”. Працаваў у тэатры, на “Вольнай сцэне” у рэжысэраў Мазынскага і Анісенкі. Здымаўся ў кіно ў знакамітага Нікіфарава. У гэтым годзе абараніў дысэртацыю “Культура і асоба ў пратэстанцкай царкве: гісторыя і сучаснасьць”. Зараз паступае ў асьпірантуру, тэму кандыдацкай дысэртацыі таксама зьбіраецца зьвязаць з хрысьціянскай антрапалёгіяй.

(Міхаленка: ) “Па-першае, сам я чалавек веруючы, і мяне гэта тэма цікавіць. І мабыць таму не зьвязваў з рэжысурай, з акторскім майстэрствам, а крануў такую тэму больш філязофскую.

А сытуацыя і ў тэатры, і ў кіно такая, што, на жаль, павінны нашы акторы здымацца за капейкі. А калі здымаеца чалавек за капейкі, нават бухгалтэрыя перастае паважаць. Маўляў, калі ты здымаешся за 5 даляраў, то мы да цябе так і будзем ставіцца. А безумоўна, хлопцы і дзяўчаты таленавітыя, і можна ўвязвацца ў нейкі праект, але з прафэсіяналамі, бо тое, што робіцца на беларускім тэлебачаньні, “Мая краіна”– гэта такі дзіцячы сад, і непрыемна, непрыемна, што марнуецца час на гэта.

А тэатры, на жаль... Няма фінансаваньня і няма тых эпахальных асобаў, якія маглі б сказаць важкае слова. Грошы... Ёсьць хлопцы, якія гатовыя даваць 100 тысячаў, скажы, 50, 150 – колькі табе трэба. Яны даюць грошы, але ты павінен іх адпрацаваць і вярнуць ім. Вось у чым праблема. Мэцэнацтва няма, а дарма ніхто ня будзе працаваць.

Я нават рады, што ёсьць гэтае “балота”. Бо калі сонейка сьвеціць, то зямля высыхае. Павінны быць дажджы, павінна, як гэта ў Бердзяева (я зараз чытаю “Экзыстэнцыяльная дыялектыка боскага і чалавечага”) – павінны быць выклік, павінна быць зло, каб я мог на яго адказаць творчым прарывам нейкім. І таму калі зірнуць Васіля Быкава – якая там Беларусь, а вядомы ва ўсім сьвеце! Ці “Песьняры” – калі “Бітлы” іх запрашалі (першы склад) гастраляваць разам зь імі. Хлопцы зь Ліверпулю і тут нейкая Беларусь. Дарэчы, я больш прыязна стаўлюся да “Песьняроў”, чым да “Бітлоў”. Яны якасьней. І не таму што я беларус, сапраўды яны якасьней рабілі музыку і сьпевы. Безумоўна, будзе ўздым, і я ў гэта веру.

Дарэчы, мы зараз ўвязаліся ў праект, будзем запісваць (на жаль, пакуль на расейскай мове, я паважаю і люблю расейскую мову і літаратуру, але перш за ўсё мне б хацелася рабіць на сваёй роднай мове). І шкада, што ў гэтым праекце, які зараз распачынаем, немагчыма гэта зрабіць, бо заказваюць гэты праект з Масквы. Ёсьць такі брытанскі пісьменьнік Клайв Льюіс, у яго ёсьць казкі філязофскія “Хронікі Нарніі”. І першая называецца “Пляменьнік чарадзея”. Нам прапанавалі запісаць гэтую музычную казку. І гэта на расейскай мове, бо яны спансіруюць нас. Але калі мы заробім грошы нават з гэтага дыску, будзем спрабаваць запісаць для беларускіх слухачоў гэту музычную казку. Таму, я кажу, усё рухаецца ў гэтым балоце. Нават і ў балоце ёсьць жыцьцё, ёсьць свае мядзянкі, трытоны, якія варушацца.

Я ўсё чакаю, калі чорная паласа наступіць, бо я такі шчасьлівы! Месяц таму сьвяткавалі з жонкай гадавіну вясельля нашага. І я ня вядаю, за што мне такі кавалак шчасьця – гэта мая жонка. Я яе вельмі кахаю, гэта таленавіты чалавек. І кажу – у мяне белая паласа. Я чакаю: калі ж чорная будзе? Я вельмі шчасьлівы чалавек. І ў незалежнасьці ад таго, што адбываецца навокал, нейкае такое прасьвятленьне ў мяне.
XS
SM
MD
LG