Маладая актрыса з францускім імём Жаклін, 15 гадоў, вучаніца СШ №178 г. Менску. Лічыць, што яна – шчасьлівы чалавек, бо займаецца ўлюбёнай справай, мае шмат сяброў і жадае, каб усе людзі таксама былі радаснымі і шчасьлівымі. Для гэтага, мяркуе Жаклін, ім трэба проста захацець, зрабіць шчасьце мэтай і прыкласьці ўсе сілы, каб дасягнуць яе.
(Жаклін: ) “Жывецца мне ў Беларусі вельмі добра. Жыцьцё маё прыносіць мне вялікую радасьць, бо я займаюся той справай, якой мне падабаецца займацца. Вакол мяне знаходзяцца тыя людзі, якіх я люблю. І я раблю тое, што мне падабаецца. Наагул я ад ўсяго жыцьця атрымліваю як мага больш шчасьця. Я займаюся ў тэатру, граю ў розных спэктаклях, таксама здымаюся ў кіно. Мне гэта вельмі падабаецца. І потым, у будучыні, я жадаю зьвязаць сваё жыцьцё з тэатрам і кіно.
Пакуль што я магу жыць у Беларусі, але потым для дасягненьня сваіх мэтаў мне, можа быць, прыйдзецца зьехаць за мяжу. Я вельмі хачу здымацца ў кіно і граць у спэктаклях, але, мне здаецца, што ў Беларусі гэта не зусім магчыма, ці магчыма, але на нізкім узроўні.
Тэатрам і кіно ў Беларусі даецца мала ўвагі, і мала грошай з боку кіраўніцтва. Мне здаецца, што гэта адная з галоўных рысаў, каб разьвівалася культура, таму што гэта духоўная частка чалавека. Калі ён разьвіваецца ўнутры, калі разьвіваецца ягоны ўнутраны сьвет, тады ён шчасьлівы зьнешне. Вельмі важна, каб разьвіваўся ўнутраны сьвет чалавека. І мне здаецца, што культура дапамагае ў гэтым. Нашая ўлада дае мала ўвагі на разьвіцьцё культуры. А можа ў іншых краінах, ня можа, а я дакладна ведаю, што ў іншых краінах аддаецца больш увагі гэтаму, і таму для дасягненьня сваёй мэты мне будзе лягчэй жыць там і працаваць там. Але гэта ня значыць, што я не люблю сваю краіну, і што я не патрыётка. Калі я буду кудысьці зьяжджаць, я ўсё роўна буду вяртацца ў сваю краіну.
Мне здаецца, што маладым лягчэй жывецца, бо ў іх яшчэ менш праблемаў, яны больш наіўныя, яны ўмеюць па-дзіцячаму цешыцца з жыцьця і поўнасьцю аддавацца яму. Яны больш жадаюць гэтага. А дарослыя людзі, па-мойму, ня хочуць радавацца і быць шчасьлівымі, таму што, калі б яны гэтага жадалі, яны б былі радаснымі і шчасьлівымі. Ну вось, калі я еду ў транспарце, я бачу ўсе сумныя твары, і гэтыя твары – твары дарослых. І мне самой становіцца сумна, таму што я жадаю, каб кожны чалавек на гэтым сьвеце быў радасны і ўмеў радавацца, і дасягаў той мэты, якую ён жадаў дасягнуць.
І каб чагосьці дабіцца, маладыя людзі павінны мець мэту і прыкладаць сілы, каб дасягнуць яе. Гэта вельмі важна.”