Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Дзенісюк


Натальля Дзенісюк вучыцца ў асьпірантуры Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Дасьледуе беларускі постмадэрнізм. Да гэтае пары ня можа разабрацца, што гэта такое.

(Дзенісюк: ) “Назва майго літаратурнага дасьледваньня – “Постмадэрнізм і мастацкі сьвет пісьменьніка ў сучаснай беларускай літаратуры”. Але ўва што гэты выльецца, пакуль яшчэ невядома. Зарана казаць.

Вывучаю прадстаўнікоў Бум-Бам-Літу колішняга, цяперашняга “Доўгога фронту мастацтваў”. Андрэя Хадановіча. Таксама шэраг аўтараў, у якіх постмадэрнісцкае мысьленьне выяўляецца на ўзроўні нейкіх там рэфлексіяў ці асобных рысаў.

Гэта такая зьява, у якую чым глыбей паглыбляешся, тым больш яна засмоктвае, тым больш разумееш, што ты нічога не разумееш. Але спрабуеш штосьці там для сябе, напэўна, вызначыць. Часам стамляешся. Ужо хочаш вярнуцца да чагосьці больш такога трывалага і стабільнага. Але ўсё роўна. Гэта, мабыць, як нейкая такая маленькая хваробка.

Я б не казала, што гэта штосьці ўбогае. Але гэта, на мой погляд, не такое ўжо натуральнае разьвіцьцё літаратуры, якое ў выніку мела постмадэрнізм. Гэта ўсё ж такі, нейкае сваеасаблівае, так бы мовіць, штучнае прышчапленьне пэўных, тэарэтычных, нават найперш, нейкіх пастулятаў постмадэрнісцкіх, прынцыпаў. А пасьля ўжо апрабацыя гэтага ўсяго на творчасьці.

Сьпярша – тэорыя, а пасьля вось спробы з гэтага штосьці на практыцы зрабіць. Мне так падаецца. Але ж гэта яшчэ спрэчнае пытаньне, насамрэч.

Гульня прысутнічае. Але гульня, насамрэч, уласьцівая і ранейшым творам. Таксама і ў ранейшых літаратурных напрамках… Тут гульня становіцца часам, можа быць, ну ня тое што самамэтай, але такім вось заняткам, першасным, напэўна. У сукупнасьці таксама зь нейкім, магчыма нават, сьветапоглядам. Гульня, як сьветапогляд. Гульня, прычым, у прасторы тэксту.

Марыцца пра шчасьце. Каб быць проста ўпэўненай у жыцьці. Але таксама аб шчасьці для ўсяе сваёй краіны. Каб зноў такі, быць упэўненым і ў сваім жыцьці, і ў жыцьці сваіх сяброў, любых, родных людзей.

У залежнасьці ад пэўнага надвор’я, я магуць быць і пэсымісткай, і аптымісткай. Не магу сказаць адназначна. Ну, напэўна, усё ж такі больш схіляюся да такога пэсымістычнага сьветапогляду. У найбліжэйшую будучыню Беларусі я гляджу з сумнай іроніяй.”
XS
SM
MD
LG