Аляксей Маневіч, 21 год. Студэнт Мазырскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Актывіст моладзевай арганізацыі “Гарт”. Арганізатар шматлікіх культурніцкіх імпрэзаў у Мазыры і Калінкавічах.
(Маневіч: ) “Больш за ўсё люблю добрае жыцьцё. Гэта калі мне што-небудзь трэба, і мне ня трэба ні да кога зьвяртацца па дапамогу. Калі я магу сабе дазволіць дарыць кветкі каханай дзеўчыне, не задумваючыся пра тое, ці хопіць у мяне грошай. Ці запрасіць яе на каву. Ці проста прыйсьці ў госьці да кагосьці яшчэ. Узяць з сабой, ня ведаю, якога-небудзь гасьцінца. Каб заўжды мне хапала, каб вярнуцца да дому на таксоўцы. Матэрыяльнае становішча, я думаю, гэта адзін з самых моцных паказчыкаў дабрабыту. Вядома, што мусяць прысутнічаць і адносіны паміж людзьмі. Але я думаю, што калі няма матэрыяльнай базы, як гэта зараз ёсьць у Беларусі… Выходзіш на вуліцу, і ходзяць людзі па вуліцы і не ўсьміхаюцца. Варта задумацца, з-за чаго гэта.
Моладзі не хапае, можа, адчуваньня сябе беларусамі ў гэтай краіне. На дадзены момант я лічу, што гэта вялізная праблема. Няма жаданьня ў людзей жыць у сёньняшняй Беларусі. Яны не атаясамліваюць гэткае становішча з кіруючымі органамі, з лукашэнкамі ці з палаткамі. Але яны бачаць, што дрэннае жыцьцё, і калі-небудзь хто-небудзь зь іх адзін раз ці два на жыцьцё іх пабывае ў якой-небудзь замежнай краіне, у той самай Польшчы, можа быць, нават… Пабачыўшы, што людзі павінны жыць па іншаму. Ня так, як мы жывем. Але ў іх няма якога-небудзь імкненьня дасягнуць такога жыцьця ў сваёй краіне. Чамусьці ўсе хочуць на гатовае патрапіць адразу.
Я б не сказаў, што гэта пакаленьне халяўшчыкаў. Не, гэта не пакаленьне халяўшчыкаў. Можа быць, проста выхаваньня няма. Я думаю, што выхаваньня менавіта дзяржаўнага. Ня тое, што дома бацькі табе скажуць, а вось менавіта дзяржаўнае выхаваньне.
Моладзь, яна неяк паддаецца ўплыву. І таму, я думаю, рознага кшталту мерапрыемствы, яны ўсе робяцца дзеля таго, каб падштурхнуць гэтую моладзь на якія-кольвек дзеяньні. Я арганізоўваў канцэрты, у навучальных установах арганізоўвалі мы. Нават неяк Палац Культуры здымалі ў Мазыры. Імкнемся прывучыць да павагі, нават не да любові, а хутчэй павагі да сваёй культуры, сваёй мовы, сваёй краіны.
Што тычыцца сустрэчаў, вельмі так узгадваецца сустрэча ў Мазырскім дзяржаўным пэдунівэрсытэце, калі прыехаў Уладзімір Арлоў са Зьмітром Бартосікам.
Вынік быў вялізны. Па-першае, я ня бачыў раней, каб людзі бяз прымусу, па ўласным жаданьні, прыйшлі на гэткае мерапрыемства, прычым аддана слухалі. Пасьля такіх сустрэчаў звычайна ніхто не сыходзіць з такім выразам на твары, што “вось, маўляў, адсядзеў”. Не. Імкнуцца да прыватнай нават размовы з выступоўцамі. Ёсьць плён, ёсьць.”