Вольга Панамарэнка – цырульнік, дамская майстарка. Спачатку, паслухаўшыся бацькоў, паступіла ў Беларускі ўнівэрсытэт культуры. Але потым зразумела, што заўсёды марыла пра іншае. Атрымала прафэсію цырульніка. Не адразу ўдалося ўладкавацца па спэцыяльнасьці, давялося папрацаваць нават прыбіральшчыцай. Цяпер Вольга працуе ў адным з прэстыжных модных салёнаў сталіцы.
(Панамарэнка: ) “Я нарадзілася ў Менску, але дзяцінства правяла ў сваёй бабулі на Віцебшчыне. Там прывілася любоў да мовы, літаратуры беларускай, да прыроды, да рэлігіі. Я шмат малявала, але таксама кніжкі любіла чытаць.
Да таго часу, як мы павінны вызначыцца, што далей рабіць, прыйшло цьвёрдае жаданьне, што я павінна, я хачу атрымць адукацыю шыць адзеньне, хацела быць мадэльеркай. Але бацькі пераканалі мяне... Такім чынам, я паступіла ў Беларускі ўнівэрсытэт культуры. Марыла працаваць з кнігамі, бачыла свой шлях у выхаваньні маладога пакаленьня, але зь цягам часу зразумела, што гэта не маё.
Кожны мае свой шлях на зямлі: лепш добра рабіць сваю справу, чым рабіць нешта ня надта добра ды займаць чыёсьці іншае месца. Начамі сьніла, і ўсё ж такі вырашыла: зьдзейсьню я сваю мару... Не атрымаўшы вышэйшую адукацыю, ня скончыўшы ВНУ, вырашыла атрымаць спэцыяльнасьць “цырульнік жаночы”. Два месяцы працавала прыбіральшчыцай у мужчынскай залі.
Мне падабаецца сам працэс, калі валасы паміж пальцамі струяцца, і я адчуваю сябе майстрам вялікага палёту. Калі вынік прыносіць свой плён, калі чалавек задаволены, шчасьлівы памаладзелы, гэта і ёсьць самая вышэйшая ўзнагарода. Я вельмі задаволеная сваёй цяперашняй працай, з радасьцю іду на працу.
Я ведаю з размоваў іншых прадстаўнікоў маёй прафэсіі: каму што падабаецца, каму – фрызуры рабіць з разраду “шоў”, каму – стрыгчы, каму – штосьці іншае. Мне падабаецца стрыгчы. Мяне хлебам не кармі – дай “пачыкаць”...
Падабаецца ўсё: мяняць на вачах выгляд чалавека, падабаецца, канечне, калі потым задаволеныя ўсьмешкі, маладзее чалавек. Падабаецца вынік маёй працы: ня трэба доўга чакаць, вынік бачны адразу і зараз жа.
Падабаецца з папялушкі рабіць прынцэсу. Прыходзіць жанчына, замотаная сваімі справамі, бытам, штодзённасьцю нашай шэрай. А зь цягам невялікага часу яна робіцца больш вясёлай, маладой і ярчэйшай, і настрой ўжо добры...
Гэта магчыма задорага, бо цяжка цяпер у пляне фінансавым, але ўсё гэта акупаецца. Акупаецца настроем. Нават адносіны да самой сябе, да блізкіх мяняюцца, калі жанчына можа сабе дазволіць і прычоску, і крэмікі, і манікюр. Я лічу, што ня трэба на гэтым эканоміць, яно ўсё мае сэнс.
Прыходзьце, і мы зробім вас маладзейшымі, прыгажэйшымі, шчасьлівейшымі. Хачу заклікаць старэйшае пакаленьне і маладое: ня бойцеся маладых майстроў, якія жадаюць зрабіць вас прыгажэйшымі. Яны могуць гэта, і ня бойцеся экспэрымэнтаў.”