Астрамовіч Тацяна, 19 гадоў. Жыве ў Гальшанах. Вучыцца на завочным аддзяленьні Беларускай філялёгіі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.
(Астрамовіч: ) “Я нарадзілася ў Гальшанах, усё жыцьцё пражыла там. Я вельмі люблю сваю цудоўную такую мясьціну. Таму, што яна вельмі гістарычная. У нас ёсьць замак, касьцёлы, вельмі шмат прывідаў. Да нас прыяжджаюць вельмі шмат гасьцей, якія хочуць паглядзець на гэтыя прывіды. Ім гэта падабаецца. Сама я іх ня бачыла. Але ў мяне ёсьць сябар. Быў такі выпадак, калі мы адпачывалі. І мы паехалі ў замак. Рабіць чыстку замка. На тыдзень адпачываць. І вось мы сядзелі каля вогнішча. І камусьці зь сябраў захацелася адысьці паглядзець на гэтых прывідаў. Яму было вельмі цікава. І вось ён дзесьці паўгадзіны прахадзіў. Затым мы бачым, што бяжыць гэты Пятро, белы як палатно. У яго была белая майка, дык ён быў бялейшы за гэтую майку. І стаіць каля вогнішча і нічога не кажа. Мы пытаемся: “Пятро, што з табой?” А ён кажа: “Там нехта ходзіць”. А сама я так і ня бачыла…
У мяне беларуская мова, напрыклад, пайшла ад цёткі маёй. Вось у мяне бабуля, яна жыве на вёсцы. Яны дома размаўляюць не на чыстай беларускай літаратурнай мове, але такая мова наша, беларуская. У мяне цётка цяпер працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. І вось калі я вучылася, а вучылася я вельмі добра, у мяне быў мэдаль, дык мне прыходзілася ёй то сшытак які дапамагчы праверыць, то які дыктант. І вось мне гэта спадабалася, мне гэта падалося такім цудоўным. І таму я вырашыла, што сама гэтым хачу займацца. Таму выбрала такі шлях, у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт. На філялёгію.
Прыехала я туды першы раз на першую сэсію. Абхадзіла ўвесь горад. У мяне быў праважаты. Я папрасіла знаёмага. І ён мне паказаў цудоўныя мясьціны на самой справе. У далейшым хацелася б там жыць. Што ўразіла больш за ўсё? Мне падабаецца старая Вільня. Вось гэтыя базарчыкі, дзе брукаваная маставая. Я зараз не магу сказаць назвы вуліцаў канкрэтна. Але тыя цудоўныя рэчы, сваімі рукамі вырабленыя. Шмат карцінаў. Цудоўна.
Мне падабаецца быць сярод людзей. Я вельмі люблю знаёміцца, размаўляць. Я люблю пісаць. Я сама пішу вершы. У мяне зараз ёсьць прапанова пайсьці пісаць у Гародню ў інтэрнэт. Затым прайсьці навучаньне і ўступіць у Беларускую асацыяцыю журналістаў. Але на гэта спатрэбіцца, канечне, вельмі шмат працы. Я думаю, што ў мяне ўсё атрымаецца. Я вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца. Таму, што журналістыка ўсё ж мне неяк бліжэй.”