Сьвятлана Сьняжко – малады спэцыяліст. Выкладае расейскаую мову і літаратуру ў Навасадзкай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Вырасла ў настаўніцкай сям’і, зь дзяцінства таксама марыла вучыць дзяцей. Скончыла філялягічны факультэт БДУ. Да сваёй працы ставіцца творча: заняла другое месца на абласным конкурсе маладых настаўнікаў. Але апошнія рэформы у сыстэме адукацыі Сьвятлана Сьняжко ацэньвае скэптычна.
(Сьняжко: ) “Цяпер шмат кажуць пра рэфармаваньне сыстэмы адукацыі. Сучасная школа, інавацыйныя тэхналёгіі... Аб гэтым з задавальненьнем распавядаюць чыноўнікі ад адукацыі. Але ці так гэта на самой справе?
На мой погляд, усё не так аптымістычна. Чаму?
Па-першае, аплата працы настаўнікаў. Колькі ні казалі пра “рэгулярнае” падвышэньне зарплаты, істотна яна не мяняецца і не забясьпечвае патрэбнага ўзроўню існаваньня. Каб зарабіць крыху больш, настаўнікі вымушаныя працаваць на паўтары-дзьве стаўкі.
Але, скажэце, як можна паўнавартасна даць 27-30 урокаў на тыдзень? Таму вымушаныя настаўнікі думаць не пра сучасныя інавацыйныя тэхналёгіі, а пра больш-менш прыстойнае існаваньне.
Па-другое, падручнікі. Так, новых падручнікаў друкуецца шмат. Але зьмест іх істотна не мяняецца, колькі б яны не перапісваліся.
Праграмы скарачаюцца, каб аблегчыць іх засваеньне вучнямі і разгрузіць іх. Але насамрэч зьмест праграмаў істотна не мяняецца, а скарачаецца толькі колькасьць гадзінаў на вывучэньне. Гэта прыводзіць да таго, што дзеці не засвойваюць школьны матэрыял на патрэбным узроўні. Гэта вядзе да рэпэтытарства. Атрымліваецца замкнёнае кола: нагрузкі ў школе менш, а каб паступіць у ВНУ, трэба дадаткова займацца з рэпэтытарамі.
Дык у чым рэформа? У тым, што замест адзінаццаці гадоў трэба вучыцца дванаццаць? У тым, што замест пяцібальнай сыстэмы – дзесяцібальная сыстэма адзнакаў? Відавочна, што гэта толькі зьнешняе рэфармаваньне, якое істотна не закранае сыстэму адукацыі.
Але, нягледзячы на складаныя ўмовы працы, ёсьць яшчэ апантанныя настаўнікі, у тым ліку і маладыя спэцыялісты, якія працуюць не дзякуючы, а насуперак існуючай адукацыйнай сыстэме, атрымліваючы задавальненьне ад сваёй працы.”