Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Шушкевіч


Алег Шушкевіч нарадзіўся ў Лепелі, і з самага дзяцінства быў перакананы, што Лепель – самае лепшае ды самае прыгожае месца ў сьвеце. Гэтую прыгажосьць Алегу ўпершыню паказаў ягоны бацька, Уладзімер Шушкевіч, вядомы мясцовы краязнаўца. Цяпер Шушкевічу-малодшаму 25 год, і ён марыць, што ў яго таксама абавязкова будзе сын – каб род Шушкевічаў ня згас і не перавёўся.

(Шушкевіч: ) “На Лепельшчыне большая палова насельніцтва ня ведае, чаму гэтае месца так называецца – Лепель. І гэта вельмі страшна, што людзі ня ведаюць, дзе яны жывуць! Паводле маёй вэрсіі “лепель” у перакладзе з адной з балцкіх моваў абазначае “жоўтыя гарлачыкі”, кветачкі…

Мне ў мае гады ўжо шмат дзе давялося пабыць: спачатку я вучыўся ў Менску, потым служыў у войску, потым вучыўся ў Магілёве. Шмат падарожнічаў, быў і ў Маскве, і ў Пецярбургу. У вялікім горадзе ў мяне нейкая напружанасьць – трэба кудысьці бегчы, нешта рабіць, штосьці прадпрымаць. А ў Лепелі я проста адпачываю!

Мой бацька займаецца краязнаўствам, і, мабыць, тое, што я таксама гэтым цікаўлюся, і нават працую ў гэтай галіне – я працую кіраўніком краязнаўчага гуртка ў Цэнтры дзіцячае творчасьці – гэта толькі ад бацькі! Калі я вольны, проста выходжу ды… хаджу! Хаджу па нашым горадзе, а тое магу зранку заехаць у нейкую вёску, а адтуль пешшу вяртаюся…

Лепельшчына – гэта мая радзіма, і там спрадвеку жылі ўсе-ўсе-ўсе Шушкевічы! Адкуль гэтае прозьвішча – ніхто ня ведаў: ні бацька, ні маці, ні бабуля… Мне сказаў пра гэта мой выкладчык у Магілёўскім унівэрсытэце. Ён сказаў, што ў 17-м стагодзьдзі, у часе вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй хадзілі такія “вольныя браты” па лясах, забівалі заможных расейскіх купцоў ды маскоўскіх стральцоў, а здабычу аддавалі бедным. Гэткія тагачасныя “Робін Гуды”, і звалі іх “шушы” або “шушкі”. Адсюдь і Шушкевічы.

Я жонцы кажу: “абавязкова народзім сына!” Яна кажа : “А калі будзе дачка?”. Я кажу: “ Няхай будзе і дачка, але толькі пасьля сына!..” Чаму? Каб не занямог род Шушкевічаў! Шушкевічы каб і пайшлі, і пайшлі, і пайшлі! І каб і цераз трыста, і цераз пяцьсот, і цераз тысячу год у ведалі: вось мы такія Шушкевічы! Мае…
XS
SM
MD
LG