Балашова Ірына працуе настаўніцай ангельскай мовы у СШ Менску, але плянуе зьмяніць месца працы, бо бачыць сябе супрацоўніцай у камэрцыйных структурах. З павагай ставіцца да сваёй фізычнай формы: наведвае спартовыя залі ды басэйн.
(Балашова: ) "Увогуле сваім жыцьцём я задаволеная, бо самае галоўнае для мяне гэта тое, што я знайшла сваю другую палову, заўсёды адчуваю ягонае каханьне, клопат, і лічу, што для жанчыны ці дзяўчыны гэта самае лепшае шчасьце. Але, канечне, шмат чаго ў маім жыцьці бракуе, шмат чаго патрэбна яшчэ дасягнуць.
На цяперашні момант я б хацела зьмяніць работу. Я працавала тры гады ў школе настаўніцай, але гэтай працай не зацікавілася і зараз шукаю нешта іншае. Для гэтага займаюся самаадукацыяй, атрымліваю патрэбныя працоўныя навыкі.
Чаму не задаволеная гэтай прафэсіяй, гэтай працай? Я магу аб гэтым гаварыць гадзінамі. Але самае галоўнае гэта тое, што большая частка настаўнікаў не задаволеная самой сыстэмай адукацыі, яна зусім не ідэальная. Ну і таксама заробак настаўніка, усе ведаюць, ня вельмі высокі.
Хацела б знайсьці працу больш сучасную, працаваць у камэрцыйных структурах, працаваць у офісе. Я лічу, што гэтая работа больш спакойная, больш цікавая і больш дае шанцаў атрымаць харошы заробак.
Я лічу, што самая галоўная праблема для сучаснай моладзі Беларусі, гэта вырашэньне пытаньня жыльля. Гэтае пытаньне здаецца мне невырашальным, бо сярэдні заробак маладых людзей Беларусі не дае ніякіх шанцаў набыць кватэру. Мы ведаем, банкі даюць крэдыты, але заробак таксама не дае шанцаў выплаціць потым гэтыя крэдыты. Вось пакуль я ня бачу, не знаходжу выйсьця з гэтага становішча, але я мяркую, што ўладам Беларусі неабходна быць зацікаўленымі таксама ў вырашэньні гэтага становішча, патрэбна неяк зьмяніць нешта, каб дапамагчы моладзі Беларусі ў гэтым пытаньні. Ня бачу зацікаўленасьці ўлады Беларусі ў паляпшэньні становішча жыцьця моладзі. А моладзь гэта ж наступнае пакаленьне, якое потым будзе рабіць, паляпшаць нашую краіну, жыцьцё ў нашай краіне.
Хацела б параіць маладым слухачам радыё Свабода не губляць надзею, не стаяць на адным месцы, заўсёды шукаць выйсьце зь цяжкага становішча, займацца самаадукацыяй, кожны дзень адкрываць нешта новае для сябе, быць ініцыятыўнымі і спрабаваць свае ідэі ўтвараць у жыцьцё.
Шчасьлівы той чалавек, які заўсёды імкнецца да нечага, мэты перад сабой ставіць, і калі ён дасягае гэтых мэтаў ён ужо шчасьлівы."