Марына Зубарава, 25 гадоў, з Баранавічаў. Хатняя гаспадыня, гадуе дачурку Еву. Марыць пераехаць у Менск. Лічыць, што у вялікім горадзе больш шанцаў знайсьці добрую працу і зрабіць кар’еру. Вельмі падабаецца вырошчваць хатнія кветкі, асабліва захапляецца кактусамі.
(Зубарава: ) "Не хачу гаварыць за ўсю моладзь Беларусі, хачу паведаміць, як жывецца маладым сем’ям у нашай краіне. Я – маладая маці, маёй дачцэ ўжо тры гады. Не хачу сказаць, што дзяцей гадаваць так цяжка, але ёсьць свае складанасьці.
На існаваньне маладой сям’і, па першае, канечне, неабходны самыя простыя рэчы - ежа, адзеньне, лекі, якія ўсім вядома, занадта дарагія. А калі дзіця часта хварэе, то значная частка бюджэту сям’і ідзе на лекі. Але справа не ў гэтым, бо бясплатны сыр толькі ў пастцы.
У абодвух ёсьць адукацыя. Муж – майстар па вырабу абутку, я – мадэльер-канструктар верхняга жаночага адзеньня. Мы б з задавальненьнем працавалі і займаліся сваёй любімай справай і атрымлівалі б грошы за сваю працу. Але вы думаеце лёгка знайсьці працу па прафэсіі ў горадзе Баранавічы? Таму прыходзіцца жыць часовымі заробкамі. Таксама дапамагаюць і нашыя бацькі. Але ж і яны ня вечныя. І колькі ўжо можна дапамагаць дарослым людзям!
Я жадаю працаваць, хачу быць карыснай сваёй Бацькаўшчыне, але ўсюды бачу адно зачыненыя дзьверы. Я мяркую, што міністрам адукацыі трэба плянаваць, якіх спэцыялістаў выпускаць, арыентуючыся на прадпрыемствы, якія яшчэ працуюць. Бо спэцыялістаў шмат, а дзяржаўныя прадпрыемствы ўсё зачыняюцца і зачыняюцца. Але як хочацца аб усім гэтым проста ня думаць! Працаваць, быць упэўненым у сёньняшнім дні і тым больш у заўтрашнім. Хачу гадаваць фізычна і псыхалягічна здаровае дзіцяці, бо дзеці – наша будучыня, будучыня нашай Бацькаўшчыны!
А можа трэба арыентавацца на іншыя краіны і набірацца досьведу, як там дзяржавы клапоцяцца аб будучым пакаленьні?"