Максім Руднеў – 19-гадовы крычавец, ён узначальвае мясцовую арганізацыю Маладога фронту. Малады чалавек цяпер працуе на прыватнай будоўлі, але зьбіраецца працягнуць сваю адукацыю. Раней ён пакінуў навучаньне на факультэце гісторыі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, бо зразумеў, што яму цікавая іншая прафэсія. Цяпер Максім рыхтуецца паступаць ва ўнівэрсытэт на факультэт журналістыкі. Таму ўвесь свой вольны час аддае рэдагаваньню крычаўскай недзяржаўнай газэты “Моладзевы кур'ер”.
(Руднеў: ) “У Крычаве моладзі вельмі цяжка ўладкавацца. Хто працуе на рынку, хто яшчэ дзесьці. Большасьць працуе на заводах – гумавым і цэмэнтавым, ці на ўласьнікаў. Так што грошай атрымоўваюць мала. Апошнім часам у Крычаве пачалі адчыняць месцы адпачынку, дзе можна добра правесьці час, але гэтыя месцы, большасьць зь іх, як кажуць, не па кішэні моладзі.
Яшчэ вельмі цяжка размаўляць па-беларуску на вуліцах ці ў грамадзкім транспарце. Калі едзеш у аўтобусе і кажаш: “Перадайце, калі ласка, на адзін квіток!”, гэта ж – усё! На цябе адразу абарочваюцца, але затое ты ў цэнтры ўвагі. Беларуская мова ў вялікім заняпадзе, і таму на цябе глядзяць, як на нейкага асаблівага чалавека – ты не такі, як усе.
Яшчэ ў Крычаве цяжка правесьці якую-небудзь акцыю. З-за таго, што тут за гэта вельмі жорстка ганяюць міліцыянты.
Трэба спачатку зьмяніць усё грамадзтва, каб людзі, моладзь зразумелі, што яны – беларусы, каб у іх прачнулася беларуская самасьвядомасьць, каб яны змагаліся за сваю мову, культуру, краіну.
Па-першае, я б параіў заўсёды змагацца. Гэта зараз актуальна для Беларусі, тым больш, што наперадзе парляманцкія выбары. Гэтая падзея нас не абміне, пройдзецца па ўсіх гарадах, ва ўсіх мястэчках будуць акцыі.
І вось пажаданьне для слухачоў радыё Свабода і для самога радыё Свабода. У вершаванай форме, толькі што напісаў.
Жадаем, каб хвалі Свабоды заўсёды над краем луналі,
Як сьветлая чыстая воля, народнае сэрца краналі.
І хай кожны з нас зразумее, што воля – багацьце людское,
Што моладзь заўсёды пасьпее разьбіць, задушыць краты мроі.