Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Шэўчык


Павел Шэўчык, жыхар Лунінца, 22-гадовы актывіст БРСМ, бацькі свайго не памятае, рос з хворай маці, якую цяпер даглядае. Марыць жыць на хутары, абсталяваным дасканалымі сродкамі сувязі. Прафэсіі пакуль не абраў.

(Шэўчык: ) "Я ішоў менавіта ў БРСМ, каб арганізаваць фэст-канцэрт у Лунінцы для маіх знаёмых, каб яны маглі выступіць са сцэны. Тацяна, першы сакратар БРСМ, задала мне пытаньне: “Мэта твайго прыходу?”. Бо маладыя людзі, калі гаворыш ім пра БРСМ, звычайна пытаюцца: а што я з таго буду мець? Першае мерапрыемства, якое я правёў у якасьці сябра гэтай арганізацыі, быў саміт на тэму мілітарных акцый ЗША ў Іраку.

Я ведаю, што такое БРСМ. Але лічу, што калі чалавек жадае чагосьці дасягнуць, ён будзе выкарыстоўваць усе сродкі. Абы нешта добрае зрабіць для Бацькаўшчыны.

Я люблю дамы накшталт паляўнічых: драўляныя, з мансардай, тэрасай на поўдзень, на адлегласьці ад населеных пунктаў. Ніякіх гародаў, каб адразу ад ганку пачыналася сьцежка і ляжала каменьне.

Ня так важны заробак, як тое, каб я быў запатрабаваны ў нейкай галіне. І натуральна, каб гэта прыносіла грошы, дастатковыя, каб набываць вопратку, адзеньне, інтэрнэт. Далей, у будучыні, я бачу сям’ю – жонку й дзяцей. Калі маеш нешта, то хочацца займець і штосьці, але калі маеш штосьці, зноў пачынае цягнуць да нечага. У мяне філязофскі склад мысьленьня.

Самая вялікая ўдача майго жыцьця – што я такі, як ёсьць, што я ёсьць самім сабой. Удача – мой сьветапогляд, як я ўспрымаю ўсё. Я глыбока ўдзячны Божай Маці, што яна прыняла ўдзел у станаўленьні мае асобы (сьмяецца).

Мне цяжка ўспрымаць стан здароўя маёй маці. Я ўсёй душой, сэрцам і розумам жадаў бы, каб яно было лепшым, лепшым і яшчэ раз лепшым. Я ведаю, што маці – адзіны чалавек, які мяне ўспрыме незалежна ад таго, міністар я ці бомж, ці ёсьць у мяне грошы і ўва што я апрануты. Абы я быў жывы й здаровы. Гэта самае галоўнае для яе. А для мяне – тое ж самае: каб яна была жывая й здаровая."
XS
SM
MD
LG