Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дулько


Зьміцер Дулько, 23 гады. Жыве ў Горадні. Настаўнік гісторыі, паводле адукацыі. Ня можа знайсьці працу ў родным горадзе. Чытае творы Мілана Кундэры, слухае песьні гарадзенскіх панк-гуртоў. Кажа, што гэта музыка пра яго.

(Дулько: ) "Маё жыцьцё мяне задавальняе. Мне ёсьць чым заняцца: у мяне ёсьць улюблёныя справы, улюблёныя кнігі, музыка, ёсьць сябры, ёсьць горад, які мне падабаецца. Таму маё жыцьцё мяне задавальняе. Не задавальняе яно мяне толькі таму, што няма працы. Не патрэбны пэдагог гісторыі нашаму грамадзтву! Былі спробы ўладкавацца на працу ў школу. Не атрымалася. Там мяне ня ўзялі нават на палову стаўкі. Цяжкае фінансавае становішча. Нашыя даражэнькія ўлады перашкаджаюць займацца тым, чым хочацца. Спрабавалі зарэгістраваць сваю моладзевую газэту. У нас не атрымалася. Зь вядомых прычынаў у Горадні не магчыма зарэгістраваць газэту. Гэта не патрэбна ўладам.

Я бы хацеў зьмяніць - я так мяркую, што гэта не самая складаная рэч - маё жыльлёвае становішча. Я жыву цяпер з бацькамі. Мяне гэта не задавальняе. Хацеў бы жыць самастойна. Па-просту хацеў бы быць больш самастойным.

У Беларусі можна быць шчасьлівым. Тут ад чалавека вельмі шмат залежыць. Я ня думаю, што тут справа ў нашай дыктатуры, ці ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Калі чалавек застаецца самім сабою, калі ён робіць, што яму падабаецца, калі ёсьць памкненьні, жаданьні, дзеяньні, я мяркую, што чалавек можа быць шчасьлівым.

Пазьбегнуць памылак цяжка. Памылак ня робіць той, хто наагул нічога ня робіць. Працаваць і мець мэты - такім чынам і можна дасягнуць посьпеху.

Ідэалаў у мяне няма. Такая віртуальная рэч, што пра гэта цяжка казаць. Ёсьць людзі, якіх я паважаю. Перш за ўсё гэта мае сябры й знаёмыя, якіх я ведаю асабіста. Дзядзькі ці дзяўчыны ў тэлеэкраны - я ня ведаю, хто гэта такія. Гэта для мяне проста малюнак. Грамадсказначныя дзеячы й постаці? Прыкладам, Люрыка Майгоф у Заходняй Нямеччыне 1970-х гадоў. Блізкі чалавек. Мне да спадобы яе дзеяньні. Чым гэта скончылася - гэта іншая справа. Беларускія? Цяжка казаць зараз пра грамадзкіх дзеячаў на палітычнай арэне. Я ня ведаю, пра каго казаць, хто мне падабаецца. Бездапаможныя палітыкі, якія нічога ня могуць зьмяніць і застаюцца такім замкнёным колам паміж сабою... Я ня ведаю. Не, у Беларусі нікога не магу назваць.

Што чытаю? Мілан Кундэра "Невыносная лёгкасьць быцьця". Цікава. Спадабалася. Пра людзей, пра палітычную сытуацыю ў Чэхаславаччыне. Нешта падобнае да нас. Перш за ўсё зацікавіла, як там пададзеныя людзі.

Слухаю гарадзенскі панк. Усе. што выходзіць. Гэта гурты "Deviation" і "Кальян"/ Гэтая музыка пра мяне й пра Горадню, пра тое, што ў нас дзеецца. Гэта жывая музыка!"
XS
SM
MD
LG