Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч



17-гадовы пінчук Ціхан Чарнякевіч сёлета паступіў на журфак у Менск. Ён падарожнік, аматар паэзіі вагантаў, сам піша вершы й грае на гітары. Яркі, рамантычны. Будучыні сваёй ня ведае. Ахвотна расказвае пра свой журфак ды выкладчыкаў.

(Чарнякевіч: ) “Тут як і ў школе: ёсьць маладыя і нармальныя, ёсьць старыя і ненармальныя. Пазнаёміўся з намэнклятурнымі дзядзечкамі, ня буду называць прозьвішчы. Гэта вельмі цікава! (Сьмяецца).

Мне падабаецца такі вобраз студэнта: барадаты, галодны, бяз грошай. У мяне стаіць грашовае й кватэрнае пытаньне. Было ў мяне 10 дзён таму 10 тысячаў рублёў, дык я набыў за 5 тысяч кніжку Быкава “Доўгая дарога дадому”. Давядзецца неяк выкручвацца. У сталоўцы ем самыя танныя стравы. Рыс – 70 рублёў порцыя, можна на цэлы дзень наесьціся, бульба 120. Хоць усё жыцьцё можна жыць, эканомячы.

Кажаце, я шасьцідзясятнік? Можа быць. Гэта па спадчыне перадаецца. Мае бацькі гіпанамі былі ў 1960-ыя. Дысыдэнцтва, музыка тая і цяпер са мною, як была з маімі бацькамі. 1960-ыя – містычная рэч, сур’ёзная такая, ня ведаю, калі паўторыцца.

Вандроўкі – гэта клясна. У мяне падэшвы адарваліся, але я ўсё адно буду хадзіць, хоць нават басанож. І лёс да нас заўсёды прыходзіць босы. Пазнаеш усё, новае. Для мяне важкае слова – новае. Калі ўсё надакучыла, шукай новае.

Каб вершы пісаць, патрэбна адзінота. А гэты інтэрнат, блін! Прыйдзеш у пакой, а там дзевяцёра сядзяць, і ніхто зь іх там не жыве.

Жыцьцёвыя пляны пакуль неакрэсьленыя. Ідзе пераацэнка каштоўнасьцяў. Раней я жыў у горадзе з малой літары, а зараз жыву ў горадзе - зь вялікай. Таму, як што будзе, ня ведаю. Напэўна, будзе журналістыка. Гэта тонкая справа, амаль як хірургія: адрэжаш нешта ня тое, і ўсё. Патрэбна дакладнасьць, трэба бегаць, нос доўгі ўсюды суваць. Прыйшоў я ў “Ніву”, кажу: буду пісаць пра літаратуру ды музыку. А давялося, блін, пра праблемы грамадзкія, вось які старт.
XS
SM
MD
LG