Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войтка Жанна



Войтка Жанна (25 гадоў) жыве ў вёсцы Пескі Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Яна скончыла беларускую філялёгію ў Гарадзенскім унівэрсытэце і працуе настаўніцай у суседняй вёсцы Пацэвічы. Мае сям’ю і шмат клопатаў па гаспадарцы. А ў вольны час вельмі любіць вязаць.

(Войтка: ) “У Пацэвіцкай сярэдняй школе я працую ўжо чацьверты год. Праца настаўніка мне падабаецца. Але справа ў тым, што мне не падабаецца, як ставяцца да вучобы дзеці.

Я з самага дзяцінства марыла аб тым, каб стаць настаўніцай. Мая мара ажыцьцявілася, але зараз не задаволеная тым, якую адукацыю я атрымала. Цяпер нашыя вучні ня маюць ніякіх памкненьняў, яны думаюць аб тым, што бацькі за іх усё зробяць, а каб ім нешта самім набыць, для іх гэта не цікава. Яны вельмі дрэнна ставяцца да навукі. Іх не цікавіць клясыка беларуская, тыя ж Янка Купала і Якуб Колас.

Можа я яшчэ не знайшла такога спосабу, самага лепшага, каб зацікавіць дзяцей, каб яны размаўлялі на беларускай мове і каб чыталі больш беларускую літаратуру.

На працягу ўсёй маёй працы я рабіла так, каб ім было цікава на ўроках. Там была і калектыўная праца, і групавая, і індывідуальная. Я бачыла, што дзецям гэта падабаецца, але, той матэрыял, які бярэцца на ўроках, ім не падабаецца, яны не запамінаюць, яны ня хочуць гэтага запамінаць. Ня дзеці вінаватыя ў гэтым. Я лічу, што ў першую чаргу вінаватае наша Міністэрства адукацыі.

Праграма школьная, я магу на гэты конт сказаць, што яна стала вельмі складаная для дзяцей, асабліва для малодшых клясаў.

Вось наша цяперашняя праграма: беларуская літаратура 10-11 клясы – творы вельмі вялікія і паралельна з гэтым такія ж вялікія творы яны праходзяць па расейскай літаратуры. На замежную літаратуру даецца тая ж колькасьць гадзін, як і на беларускую. Зараз у нас расейская і беларуская мовы ідуць побач.

Ніхто не размаўляе на беларускай мове, размаўляюць на расейскай мове, але выкарыстоўваюць беларускія словы. Для іх лепш размаўляць на трасянцы. Гэта вучні так размаўляюць. Атрымліваецца, што нашыя вучні ня могуць размаўляць ані на беларускай мове, ані на расейскай. Мне вельмі жудасна становіцца ад таго, што мы жывем у Беларусі, але адмаўляемся ад сваёй мовы. Я ня ведаю, што можна зрабіць.

Часта на сваіх уроках я ўспамінаю сваім вучням час, калі існавала Вялікае Княства Літоўскае, калі беларуская мова была дзяржаўнай, калі ўсе дакумэнты, навучаньне ішло на беларускай мове. А ў нас гэтага няма, хаця мы жывем у Рэспубліцы Беларусь.

Калі па праўдзе сказаць, я ня ведаю, ці хацела бы я застацца ў школе далей”.
XS
SM
MD
LG