Сяргей Грышын – 23-гадовы жыхар горада Крычава. Скончыў Крычаўскі недзяржаўны тэхнікум эканомікі і права, сцэцыяльнасьць – эканаміст. Цяпер працуе ў кампутарным клюбе. Кампутары – ягонае першае захапленьні ў жыцьці, другое – грамадзкая дзейнасьць. Год таму стаў ініцыятарам стварэньня ў Крычаве моладзевай ініцыятывы “Верас”.
(Грышын: ) “Жыцьцё чалавека складаецца з пошуку і вырашэньня нейкіх праблемаў. Праблемы грамадзкай дзейнасьці цікавыя. Калі займацца грамадзкай дзейнасьцю, то жыцьцё будзе больш цікавым. Нават іншым часам здараецца, што лягчэй жыць.
Мне было б добра жыць, калі б я бачыў, што ў моладзі ёсьць магчымасьці самастойна вырашаць свае праблемы. Мне хочацца зрабіць так, каб у нашай творчай моладзі былі варыянты выбару. Творчыя здольнасьці ў моладзі ёсьць. Але ў іх няма варыянтаў выпіхнуць свае здольнасьці ў стварэньне нейкага прадукту. Мы праводзілі апытаньне моладзі на гэтую тэму. У паловы творчай моладзі нейкія творы, малюнкі захоўваюцца дома, пыляцца. Яны ж ствараюць іх для людзей, для сяброў. Я мяркую, што было б вельмі добра, калі хто-небудзь змог бы ацаніць іхную працу.
Хацеў бы, каб людзі ўвогуле пазбавіліся шматлікіх непатрэбных комплексаў. Такі комплекс як сьціпласьць перашкаджае працаваць і дамагацца свайго ў жыцьці. Ці вось я: нават і не хачу паліць, але не магу кінуць. Гэта непрыемная звычка. Пазабавіцца ад комплексаў можна толькі адным – ціснуць на гэтыя комплексы. Каб пазбавіцца сьціпласьці, трэба ісьці і размаўляць зь незнаёмымі людзьмі, знаёміцца. Калі чалавек ня хоча паліць, яму трэба выпрабоўваць сілу волі і не паліць.
Ёсьць добрыя рэчы, якія я зрабіў у сваім жыцьці, а ёсьць і такое, чаго ня здолеў дамагчыся. Бацька мой п'е, і я нават не ведаю, што рабіць. Колькі размоваў было, спрэчак, аднак пакуль не атрымліваецца.
Шчасьце ў чалавека здараецца, калі ён дасягае сваіх мэтаў. Слухачам радыё Свабода я б параіў наступнае: калі ласка, дамагайцеся сваіх мэтаў і будзеце шчасьлівымі ў Беларусі!”