Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмiцер Паталятаў



Зьмiцер Паталятаў, 26 гадоў, намесьнiк галоўнага рэдактара незалежнай газэты "Брестский курьер".

(Паталятаў: ) "Займацца журналiстыкай ва ўсе часы было надзвычай адказна i небясьпечна. На жаль, апошнiя падзеi ў нашай краiне пацьвярджаюць гэта: людзей пазбаўляюць працы, прыцягваюць да крымiнальнай адказнасьцi. Гэта i трывожыць мяне як маладога журналiста.

Калiсьцi Мiкiта Хрушчоў вырашыў змагацца з абстрыкцыянiстамi. На адной сустрэчы з iнтэлiгенцыяй ён адкрыта нагадаў прысутным: "Хочаш есьцi пiрог з грыбамi - трымай язык за зубамi". Гэтыя словы, як мне здаецца, яскрава апiсваюць сытуацыю, што склалася сёньня памiж дзяржавай i беларускімі СМI. Атрымлiваецца парадокс: цi есьцi той пiрог, але пiсаць адпаведна моманту, цi адмовiцца ад яго - а магчыма ад прафэсii i кар'еры. Можна, канечне, калi ёсьць такая магчымасьць, пачаць пiсаць i гаварыць пра культуру, спорт, экалёгiю, "кветачкi" - маўляў, тут няма палiтыкi. Але не атрымаецца, даражэнькiя. Гэта мы ўжо праходзiлi. Дзяржава i тут вас дастане. Прыкладаў багата.

Аб небясьпечнасьцi гэтага ў 1980-х яшчэ пiсалi Васiль Быкаў, Алесь Адамовiч i iншыя. Ну што там, гэта ўжо гiсторыя. Сёньня незалежныя рэдакцыi ўводзяць у сваю практыку самацэнзуру, якая вартая вопыту савецкай. Асаблiва цяжка сёньня маладым журналiстам. Iм цяжка ўспрымаць ня толькi непрафэсiяналiзм i непiсьменнасьць, адсутнасьць элемэнтарнай культуры маўленьня, мовы, але i вонкавую ангажаванасьць, выкарыстаньне iдэялягiчных штампаў, клiшэ i стэрэатыпаў.

Што рабiць? У адказе на гэтае пытаньне магчыма буду банальным. Ня хлусiць, казаць праўду, любiць i шанаваць слова. Сумленна рабiць сваю працу, адмовiцца ад усялякiх прывiдаў i не пазбаўляць чытача i глядача магчымасьцi самому аналiзаваць факты, не навязваючы яму сваiх поглядаў. Не баяцца крытыкi i ўдзельнiчаць у дыскусiях. I, нарэшце - пераадолець страх. Iншага шляху няма, а ў праўды, як вядома, спадарожнікаў шмат.
XS
SM
MD
LG