Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даніла Гапонаў



Даніла Гапонаў нарадзіўся ва Ўкраіне. Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ягоныя бацькі пераехалі ў Беларусь, і цяпер ён жыхар пасёлку Сьвіслач Пухавіцкага раёну. Кажа, што зь цікавасьцю вывучаў беларускую мову, але марыць пра кар’еру вучонага-фізыка.

(Гапонаў: ) “Беларускую мову напачатку было цяжка вучыць – у пятую клясу я сюды перайшоў. Але ж паступова я яе вывучыў і цяпер нармалёва валодаю. Я паступіў на фізычны факультэт БДУ, бо ўдзельнічаў у алімпіядах і меў права паступаць сюды без уступных іспытаў.

Мне фізыка вельмі падабаецца й я хацеў бы зьвязаць сваё жыцьцё з заняткам любімай навукай. Я думаю, што кожны з нас марыць пра нейкае адкрыцьцё, марыць праславіцца ў рэшце рэшт. І я думаю, што пасьля заканчэньня я застануся працаваць ва ўнівэрсытэце.

А на сёньняшні дзень я не задаволены адсутнасьцю патрэбнай колькасьці месцаў у інтэрнаце, бо адзін з будынкаў цяпер на капітальным рамонце і будзе здадзены толькі каля новага году. З-за гэтага я буду вымушаны штодня езьдзіць з дому ў Менск на вучобу. Я магу езьдзіць на маршрутнай таксоўцы, але гэта дастаткова дорага. Магу езьдзіць на электрычцы, але гэта адымае шмат часу. Так што гэта цяжка й фінансава, і фізычна.

Яшчэ на сёньняшні дзень я баюся, што не змагу ў час атрымаць пашпарт ды студэнцкі білет. А гэта значыць, што я не змагу езьдзіць па ільготным тарыфе. Мае жыцьцёвыя каштоўнасьці – гэта, сябры й сяброўства, любоў родных і блізкіх людзей. Астатняе – на ўзровень ніжэй.”
XS
SM
MD
LG