Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыл Вярэніч


17-гадовы Кірыл Вярэніч нарадзіўся ў горадзе Барысаве, але цяпер жыве ў Віцебску. Сёлетні выпускнік віцебскага ліцэю №1. Актывіст моладзевага гуртка “Верас”, які дзейнічае ў абласным цэнтры. Многія сябры суполкі сталі студэнтамі розных сталічных ВНУ і цяпер мяркуюць стварыць філію “Вераса” ў Менску.

(Вярэніч: ) “Гурток “Верас” мае чатыры сэкцыі: культурная, палітычная, выдавецкая й адукацыйная. Такім чынам, стаўшы сябрам гэтай суполкі, маладыя людзі маюць магчымасьць удасканальваць веды ў галіне нацыянальнай культуры і знаходзіць сяброў, настроеных на беларушчыну.

Палітыка дзяржавы цяпер не накіраваная на разьвіцьцё нацыянальнай ідэі. Я нават ня ведаю, на што яна накіраваная ўвогуле і што маецца на ўвазе пад дзяржаўнай ідэялёгіяй. Ва ўсялякім разе – не разьвіцьцё нацыянальнай культуры й мовы.

Чаму няма Нобэлеўскіх ляўрэатаў зь Беларусі? Бо навука ў краіне не разьвіваецца. Мне здаецца, што калі палітыка дзяржавы будзе больш прадуманая, навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук змогуць працаваць нармалёва, ня думаючы як пракарміць дзяцей, а думаючы пра навуку. І мне здаецца, што пры спрыяльных умовах займацца навукай можна будзе нават і ў Беларусі.

Што да гістарычнага лёсу Беларусі, то мне падаецца, што такія пэрспэктывы ёсьць. Але я ня ведаю як гэтага дамагчыся, бо ў апазыцыі няма фінансавых сродкаў, і змагацца будзе цяжка. Я асабіста раблю стаўку на дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Мне падаецца, што ў іх ёсьць рэальны шанец нешта зьмяніць у гэтай краіне.

Моладзь ёсьць актыўнай часткай насельніцтва Беларусі, але як і асабіста мяне, так і многіх іншых запужваюць, калі пагражаюць адлічэньнем з ВНУ за ўдзел у нейкіх акцыях. Як, да прыкладу, у падтрымку Нацыянальнага ліцэю, альбо, каб адзначыць дату рэфэрэндума і гэтак далей. І шмат хто баіцца далучацца да “Маладога фронту” альбо “Зубра”. Мне падаецца, што трэба гуртавацца, больш рашуча пераходзіць на ўмовы рынкавай эканомікі, а не таптацца на месцы, як гэта мы робім цяпер.

Нам ня трэба чапляцца за Расею, а разьвівацца па шляху балтыйскіх краінаў. Я пажадаў бы маладым людзя з надзеяй глядзець у будучыню, актыўна займацца грамадзкім жыцьцём і адукацыяй. Мне падаецца, што менавіта за адукаванай беларускай моладзьдзю – будучыня нашай краіны.”
XS
SM
MD
LG