Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Бугаёў



Віталь Бугаёў –магілёвец. Пасьля заканчэньня музычнай вучэльні ён пайшоў служыць у войска і застаўся працаваць на кантракце ў вайсковым аркестры. Самым вялікім захапленьнем у жыцьці Віталя зьяўляецца вывучэньне моваў. Ён ведае беларускую, украінскую, польскую, нямецкую і ангельскую мовы, цяпер вывучае чэскую. Сёлета паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Малады чалавек займаецца грамадзкай працай у недзяржаўнай моладзевай арганізацыі “Новая зямля”. Па веравызнаньню ўніят.

(Бугаёў: ) “Калісьці ў клясе 9-ай, здаецца, я на радыё пачуў украінскую мову. Яна мне вельмі спадабалася – сьпеўная, мэлядычная. Я за год, за другі яе вывучыў. А потым мяне неяк скаланула. Я падумаў: “А хто я такі?” Беларус, мяркую. А потым узьнікла пытаньне: а чаму па-беларуску ніхто не размаўляе? Я падумаў: літаратура і кніжкі ёсьць, буду вучыць, буду размаўляць сам. І потым неяк аказалася, што я зусім “не сам”. Аказалася, што ў Магілёве я не адзін. Так я усьвядоміўся беларусам.

Я не палітык, шчыра кажу. Мяне больш цікавіць моўны аспэкт. І мяне больш турбуе нацыянальны нігілізм страшэнны. Гэта крыўдна – пагардлівыя адносіны да свайго ж. Хаця зразумець можна з аднаго боку: выхаваньне, атачэньне. Усё роўна так не павінна быць. Павага і самапавага – вось чаго не хапае шмат каму з цяперашніх беларусаў.

Хачу параіць, пажадаць нашаму маладому пакаленьню больш адчуць сваю беларускасьць, больш глыбінна, бо цяпер, як мне падаецца, яно хварэе на нейкую павярхоўнасьць, дэкляратыўнасьць. Гэта часовая зьява. А калі будзе нармальная, нацыянальна арыентаваная моладзь, будзе і нармальны народ, будзе і Беларусь, будзе і свабода.

Я цяпер граю ў вайсковым аркестры. Мне падабаецца, але я бы хацеў яшчэ, напрыклад, пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту выкладаць тую ж гісторыю. І неяк моцна стаць на ногі, чаго зычу і астатнім. Калі кожны чалавек будзе моцна трымацца на нагах, будзе і моцная краіна.

Як быць шчасьлівым у Беларусі? Я лічу, што трэба быць найперш беларусам, працаваць для дабра гэтай краіны. Калісьці даўно я марыў выехаць адсюль. Але цяпер – не. Я зразумеў, што не магу. Я магу быць толькі тут. Таму я застануся тут і буду шчасьлівым тут. У Беларусі.
XS
SM
MD
LG