Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Талапіла



Алена Талапіла родам зь Ліды. Вучыцца ў Лінгвістычным унівэрсытэце на перакладчыцкім факультэце. Перакладаць будзе зь нямецкай на беларускую. Акрамя лінгвістыкі захапляецца фатаграфіяй.

(Талапіла: ) “Я не магу сказаць, што я люблю нямецкую мову. Мне падабаецца на ёй размаўляць, але я не ўспрымаю яе, як нешта такое вышэйшае і гэтак далей. А ў нямецкай мове мне падабаецца тое, што яна лічыцца мовай філёзафаў. Вельмі цікава параўновываць, напрыклад, нямецкія значэньні і беларускія значэньні. Вельмі цікавыя бываюць паралелі. Тое, што мы можам сказаць па-беларуску, і тое што можам сказаць па-нямецку – гэта дзьве розныя рэчы. І калі пачынаеш шмат размаўляць па-нямецку, дык пачынаеш успрымаць сьвет трошкі іншымі вачыма… І мова ўплывае на сьвядомасьць, і мы праз мову ўспрымаем навакольнае асяродзьдзе. Па-беларуску “запалка”, а па-нямецку “штрайгольц”. І, разумееце, гэта ўжо розныя падыходы да значэньня. Бо “запалка”, “запальваць” – гэта тлумачэньне працэсу самога, якім чынам усё адбываецца. А “штрайгольц” – гэта “дрэва” і “чыркаць”. Трошкі розныя падыходы да азначэньня. Лінгвістыка мяне вельмі цікавіць апошнім часам.

Яшчэ захапляюся фатаграфаваньнем. Калісьці было маляваньне самае першае маё захапленьне. Але хуценька прайшло, калі я зразумела, што ў мяне няма здольнасьцяў асаблівых. Вельмі люблю будынкі. Людзей нават меней фатаграфую. Хаця, праўда, апошнім часам так атрымліваецца, што ў мяне шмат прыгожых сябровак. І мне закарцела зрабіць нават такую сэрыю – “Дзяўчыны Беларусі”. Чамусьці ўсе трапляюцца сьветлавалосыя, блакітнавокія, я ня ведаю. Карацей, зараз у мяне вельмі шмат такіх здымкаў, менавіта партрэтаў. А так фатаграфаваньне менавіта будыначкаў такіх, цікавенькіх. Ну, прыкладам, у мяне ёсьць шмат любімых будынкаў у Горадні. Ну, таксама цэрквы розныя. У Менску, напрыклад, вельмі люблю касьцёл Сьвятога Роха.

Я бы сказала, што большасьць сапраўды ня бачыць сваёй будучыні ў Беларусі, зь лінгвістычнага ўнівэру, а ў прынцыпе і ня толькі. Але, шмат хто з маіх знаёмых дзяўчатаў, зь лінгвістычнага, яны бачаць сваю будучыню менавіта ў Беларусі. І калі пра гэта заходзіць размова і ў іх запытваюцца: “Тады навошта Вы тут вучыцеся?”, ці “Паедзеце ў замежжа?”. Адказ большасьці маладых дзяўчат гучыць, што мы паедзем папрацаваць, можа заробім грошаў, але абавязкова вернемся ў Беларусь.

Я ў заўтрашні дзень Беларусі гляджу зь цікаўнасьцю. Бо ў прынцыпе я аптымістка па натуры. Але часам цяжка быць аптымістам. Я хачу паглядзець, што будзе далей. І я ўсё ж такі… Я магу сказаць, што я ня веру ў дрэнны канец.”
XS
SM
MD
LG