Анатоль Слабадзянюк нарадзіўся ў Магілеве, сёлета скончыў тамтэйшы ліцэй. Пераможца агульнабеларускіх і ўдзельнік міжнародных алімпіядаў па фізыцы. Гэта паспрыяла ягонаму паступленьню на фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Аднак Анатоль кажа, што яшчэ ня ведае радавацца гэтаму факту ці засмучацца.
(Слабадзянюк: ) “Мне не даюць студэнцкага білету, мне не даюць пакой у інтэрнаце. А яшчэ нашая міліцыя аштрафавала мяне за тое, што я езьдзіў на грамадзкім транспарце па ільготнаму тарыфу. Яны мне параілі, каб я пайшоў на фізфак і атрымаў там даведку. Але на факультэце мне паведамілі, што даведку я не атрымаю без студэнцкага білету. А студэнцкі білет я наагул ня ведаю калі атрымаю, бо зараз яго нам не даюць і паабяцалі выдаць пасьля 1 кастрычніка. А калі гэта будзе неасамрэч – ніхто ня ведае. Я лічу гэта звычайнай бюракратычнай валтузьнёй з паперкамі. А церпяць ад гэтага ўсе.
Наагул, я бачу сябе навуковым супрацоўнікам. Я жадаю працаваць у фізыцы, але ў нашай краіне гэта цяжка. Бо, па-першае – няма дастатковага фінансаваньня гэтай навукі й, па-другое – ня надта ёю займаюцца. Бо ніводнаму чалавеку няма ніякага жаданьня працаваць, калі ён не адчувае дзеля чаго. Усё ўпіраецца ў матэрыяльную частку. У Беларусі гэтаму не надаецца належнай увагі й я лічу, што гэта адлюструецца на будучыні краіны. Бо навука – аснова эканамічнага жыцьця нашай краіны.
А з той эканомікай, якая ў нас цяпер, мы можам ніколі й ня думаць пра ўступленьне ў Эўразьвяз, пра тое, каб мы атрымоўвалі добрыя заробкі й, каб шмат людзей не пакідалі нашую краіну. Бо, наколькі я ведаю, шмат маіх знаёмых, якія гэтаксама займаліся фізыкай альбо матэматыкай, яны паехалі паступаць у Расею ці нават ЗША. Там іх узялі на ільготную форму навучаньня і, наагул, я лічу, ім там жывецца лепш, чым нам. Але я сам нікуды зьяжджаць не хачу, бо ўсё-ткі тут мая Радзіма.
Гэтае становішча з навукай і эканомікай, канечне ж, мяняць патрэбна. Але гэта вельмі цяжка і, я лічу, што гэта справа не аднаго пакаленьня беларусаў. Усе людзі павінны дзеля гэтага працаваць на дабрабыт краіны. І я баюся толькі аднаго: каб нашая краіна не пайшла па шляху таго ж Іраку.”