Вольга Іванова скончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя М.Танка. Цяпер працуе настаўніцай і вельмі задаволена выбранай ёю прафэсіяй.
Амаль што ўвесь вольны час заняты падрыхтоўкай да новай сустрэчы са сваім вучнямі. Але таксама шмат чытае і сама складае вершы. Любімые пісьменьнікі В.Быкаў і Ў.Караткевіч.
(Іванова: ) “Жыцьцё ў Беларусі? Мне здаецца, цяжкае. Я такі чалавек. Я люблю сваю краіну, люблю свой народ, але вельмі шкада, што народ ня хоча прымаць сваю краіну такой, якая яна ёсьць, забываецца на сваю мову, на сваю культуру, на свае традыцыі. Проста, напэўна, ня ведаюць, колькі ўсяго ёсьць у Беларусі і за каштоўнасьці прымаюць каштоўнасьці іншых народаў. А ў нас свайго багата. І мне здаецца, калі так будзем ставіцца, то загіне наш народ, нашая мова і нашая краіна.
Я працую настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў СШ№178. Працай я задаволеная, бо марыла стаць настаўніцай з самага дзяцінства.
Ну яшчэ не ўсяго дасягнула, чаго хацела, таму, можна сказаць, што яшчэ ня вельмі задаволеная сабой. Але таго, чаго дасягнула, магу сказаць, што дасягнула сама.
Я ўжо казала, што задаволеная сваёй прафэсіяй, бо я яе вельмі люблю. Хацелася бы яшчэ, напэўна, стварыць сям’ю, гэтага мне бракуе як жанчыне. І хацеласья бы, канечне, пабудаваць уласнае жыльлё. Але з жыльлём цяжка, бо назьбіраць грошы на жыльлё ці пабудаваць нешта вельмі цяжка. Вось проста хацелася бы яшчэ ўласнае жыцьцё, а ў пляне такім прафэсійным ужо ўсё нармальна. Але яшчэ, напэўна, мэты такія: знайсьці новыя спосабы навучаньня дзяцей, каб ім было цікава, бо пакуль я ўся ў прафэсіі сваёй, у сваёй працы. Таму хацелася бы нешта новае, цікавае для іх прыдумаць.
Для таго, каб палепшыць такое становішча, мне здаецца, па-першае, трэба пачаць вывучаць родную мову зь першай клясы і ўсе прадметы трэба, каб былі на роднай мове, як гэта было ў пачатку 1990-х гадоў. Па-другое, трэба увесьці такі прадмет у школе або факультатыўныя курсы, дзе будзе вывучацца скарб, вось гэтыя духоўныя каштоўнасьці беларусаў для таго, каб людзі ведалі сваю гісторыю і культуру. Ну і павышаць нацыянальную самасьвядомасьць людзей больш у высокіх кругах.
Маладым жывецца ў Беларусі цяжка, напэўна, таму, што не даюць магчымасьці павысіць свой узровень, таму што ў нас усё амаль за грошы. А калі няма грошай, то напэўна тады цяжка выйсьці на нейкі вышэйшы ўзровень.
Хацелася бы параіць слухачам Радыё Свабода быць заўсёды ўпэўненымі ў сабе, у сваіх сілах, імкнуцца да нечага лепшага, не прыпыняцца на дасягнутым і заўсёды быць жыцьцярадасным. Па жыцьці ісьці з радасьцю, весялосьцю, дапамагаць іншым, тады і табе дапамогуць іншыя.”