Дзяніс Івашын (23 гады), прадпрымальнік з Гародні. Ён мае шырокія музычныя сымпатыі : ад электроннай музыкі да фальклёрных сьпеваў. Зь літаратуры чытае творы Ўладзімера Караткевіча, Васіля Быкава й фантастыку.
(Івашын: ) "Жыцьцё мяне не задавальные, бо ў нашай краіне няма такіх умоваў, якія б дазволілі чалавеку нармалёва жыць, нармалёва зьдзейсьняць свае задачы, дамагацца сваёй мары.
Прынята вучыцца на памылках чужыць людзей. Так? Але ўвесь час атрымліваецца, што вучышся на сваіх памылках. З гэтага вынікае: каб чагосьці дамагчыся, трэба прайсьці праз свае памылкі. Трэба, што зробіш? Гэта жыцьцё. У жыцьці ўсё трэба пакаштаваць, і добрага й дрэннага.
Каб дасягнуць посьпеху, трэба шмат працаваць. Трэба бачыцца з рознымі людзьмі, трэба мець шмат знаёмых, трэба шмат вучыцца, увесь час даведвацца аб чымсьці новым, каб мець нейкае ўяўленьне. Тады ты будзеш больш дасьведчаным. Без вучобы, бяз базы, якая павінна быць у кожнага чалавека, немагчыма дасягнуць пэўнай кропкі ў жыцьці.
Скажам так, у любым месцы можна быць шчасьлівым. Чалавек такая істота, што ён да ўсяго прызвычайваецца. Трэба папросту знайсьці сваё месца й займацца сваёй справай. Шануй ўсіх, хто навокал, і цябе таксама будуць шанаваць -– гэта мой дэвіз.
У кожнага чалавека павінен быць нейкі ідэал, на якога ён будзе арыентавацца ў гэтым жыцьці. Мой ідэал -– гэта чэскі палітык Вацлаў Гавал. Гэта сымбаль маралі, ён можа быць ідэалам для ўсіх.
Слухаю я ўсялякае: ад электронікі да беларускага фольку. Чытаю я ад “фэнтэзі” да Караткевіча і Быкава. Кожны чалавек у літаратуры знаходзіць штосьці сваё, што яго вабіць. У фантастыцы чалавек знаходзіць свае ўвасабленьні пра тое, што ён мроіць, тое. што ён хоча бачыць у рэчаіснасьці, але ж гэтага няма. Хацеў бы нарэшце знайсьці сваю палавінку, ажаніцца зь ёю. Працаваць на карысьць Беларусі”.