Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрусь Залескі


Андрусь Залескі – студэнт аднаго зь менскіх ВНУ. Ён паходзіць з сям’і лідзкіх каталікоў. Любіць чытаць айчынную й замежную літаратуру, захапляецца беларускай геральдыкай. Андрусь кажа, што не дамагаецца ад жыцьця зямных дабротаў, але найперш імкнецца стаць сапраўдным хрысьціянінам.

(Залескі: ) “Вучуся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі й радыёэлектронікі. Мае мары? Перш за ўсё я хачу стаць добрым чалавекам. А ўжо кім – дырэктарам завода, звычайным інжэнэрам ці ўвогуле – каля станка стаяць, ня так істотна. Хаджу ў касьцёл, але ня ведаю, як я стаўлюся да веры. Калі гэта вера, то я стаўлюся да яе, як да Божага дару. Калі Бог даў такі дар веры, то я стараюся яго трымаць і рабіць для Бога ўсё магчымае, што залежыць ад мяне.

Я люблю беларускую літаратуру, але цяпер чытаю Сянкевіча. Хоць гэта й польскі пісьменьнік, але кніга ў яго “Куды ідзеш?” -– вельмі моцная. Па праўдзе, я вельмі люблю старую беларускую сымболіку й асабліва “Пагоню”. На жаль, няма часу, каб больш дасканала заняцца навуковай геральдыкай.

Хаця я ў палітыцы ня вельмі моцны, але ведаю, што сёньня занадта шмат што трэба мяняць у краіне. І гэта адным словам ня скажаш. Да прыкладу, у большасьці трэба мяняць саміх людзей, іхную сьвядомасьць. Калі будзе сьвядомасьць, то ўсё зьменіцца само сабой. А сьвядомасьць складаецца са сваёй гісторыі й мовы.

Па-першае гэта павінна сыходзіць ад СМІ, школаў, унівэрсытэтаў. Калі, да прыкладу, кінафільмы перакладаюцца на беларускую мову й гэтак далей. Але лічу, што нашая сыстэма СМІ не спрыяе разьвіцьцю сьвядомасьці. А ня будзе сьвядомасьці – ня будзе ў нашай краіне нічога добрага. Што б я пажадаў моладзі – заставацца сабою й імкнуцца не да падманнага, а да сапраўды лепшага”.
XS
SM
MD
LG