Алесь Пілецкі (19 гадоў), жыве ў Гародні, вучыцца ў Гарадзенскім дзяржаўным універсытэце, ён абраў прафесію гісторыка. Алесь завітаў да нас на радыё падчас сваёй археалягічнай стажыроўкі ў Празе.
(Пілецкі: ) “Праходжу археалягічную стажыроўку ў чэскай сталіцы. Мне цікава назіраць за народам, які некалі знаходзіўся ў падобным становішчы, як і беларусы. Я зьяўляюся сябрам археалягічнага гуртка пры нашым унівэрсытэце. Я патрапіў у групу, якую запрасілі ў Прагу, запрасіў Інстытут захаваньня археалягічных помнікаў і Супольнасьць "Чалавек ў нядолі" пры чэскай тэлевізіі.
Цяпер нашая група займаецца непасрэдна археалягічнымі раскопкамі, мы знаёмімся з археалягічнымі помнікамі, вывучаем чэскую мэтодыку археалягічных дасьледаваньняў, яна трохі адрозьніваецца ад беларускай.
Мяне зьдзівіла тое, што людзі тут больш ветлівыя, чым у нас у Беларусі. Па-мойму, лепш ставяцца адзін да аднаго.
Я даволі даўно цікаўлюся гісторыяй, яшчэ з 9 клясы школы. Мой бацька выкладае гісторыю ў школе. Для Беларусі гісторыя можа зрабіць вельмі шмат, на маю думку, таму, што яна можа даказаць, што беларусы зьяўляюцца свабодным народам, як і астатнія эўрапейскія народы.
Мяне найбольш цікавіць гісторыя Беларусі сярэдневечнага пэрыяду. На маю думку, гэта найбольш рамантычны і цікавы пэрыяд. Гэта пэрыяд, які можа дапусьціць новы погляд, новыя дасьледаваньні, бо яшчэ шмат крыніцаў, напрыклад, у археалёгіі не вывучана і на некаторыя рэчы варта усё ж паглядзець па-новаму.
Цікавіць мяне вельмі сучасная беларуская літаратура, найбольш мне пасуе Адам Глёбус, пісьменьнік і паэт. Таксама падабаецца сучасная беларуская музыка, розныя кірункі.
Далейшы лёс Беларусі залежыць ад саміх беларусаў, у першую чаргу, пэўна, ад майго пакаленьня, нават ад мяне асабіста. Калі мы ня ўздымем нацыянальнае на першае мейсца ў Беларусі, то гэтага не зробіць ніхто.
На дадзеным этапе свайго жыцьця, сваёй вучобы я бачу сябе як настаўніка, як выкладчыка гісторыі, магчыма ў школе, магчыма ў сярэдняй-спэцыяльнай навучальнай установе.
Я хачу даносіць дзецям менавіта, навучаючы іх у школе, такое разуменьне Беларусі, яе гісторыі, як гэта бачу я. Я лічу, што змагу падаць тыя веды, тое патрыятычнае ўяўленьне Беларусі, якое трэба.
Цяпер я маю такое ўяўленьне пра мой асабісты ўнёсак у разьвіцьцё Беларусі, што я мушу працаваць настаўнікам. На маю думку, кожны павінен зрабіць хоць нейкі унёсак у справу адраджэньня нацыянальнага ў Беларусі і ўсё зьменіцца ў лепшы бок.