Зьміцер Шыманскі (28 гадоў), старшыня Рады Берасьцейскай абласной маладзёвай грамадзкай арганізацыі "Сузор'е". Зьміцер незадаволены тым, што сучасная беларуская моладзь мала удзельнічае ў грамадзкім жыцьці, а больш увагі надае свайму асабістаму жыцьцю.
(Шыманскі: ) “Мяне цяпер больш за ўсё хвалюе і зьдзіўляе ў нашым грамадзтве тое, што ў такія цяжкі пераходны момант існаваньня краіны звычайна грамадзтва выяўляла свае найлепшыя рысы, але, у нас цяпер атрымліваецца, што беларускае грамадзтва выяўляе зусім не найлепшыя свае рысы. Гэтая ўласьцівасьць прывыкаць да ўсяго, што адбываецца, прыстасоўвацца, гэтая знакамітая беларуская талерантнасьць, яна ў любой сытуацыі дазваляе чалавеку неяк існаваць і гэтага як бы дастаткова. А тое, што можна нешта зрабіць, неяк зьмяніць сваё жыцьцё, гэта не прыходзіць людзям у галаву.
Я ня бачу ў сучаснай моладзі энтузіязму, яны хвалююцца больш пра ўласнае, чым пра агульнае. Я ня думаю, што гэта зьвязана з тым, што мы быццам бы нечым адрозьніваемся ад старэйшага пакаленьня, ад бацькоў ці дзядоў. Мне здаецца, што самая сытуацыя прымушае сучасную моладзь больш клапаціцца пра сваю будучыню.
За савецкім часам можна было не перажываць за тое, ці ты паступіш у інстытут, калі ты добра вучышся, што ты знойдзеш сабе пасьля працу, што у цябе будзе кватэра і г.д. А цяпер, каб усяго гэтага дасягнуць, чалавек павінен цалкам забываць пра тое, што адбываецца вакол яго і упарта дасягаць свайго асабістага матэрыяльнага шчасьця.
Цяжка сказаць, да чаго гэта прывядзе, але ж, на маю думку, нашае кіраўніцтва, разбурыўшы адну сыстэму, не запрапанавала грамадзтву іншую сістэму, у якой ты можаш быць упэўненым , што калі ты добра вучышся, ты атрымаеш адукацыю, што пасьля ты атрымаеш добра аплачваемую працу. А ў нас цяпер у пэўным сэнсе такое сярэднявечча: усё заснаванае на натуральнай гаспадарцы, дзе чалавек спачатку бясплатна вучыцца, а пасьля таксама бясплатна працуе, альбо платна вучыцца і бясплатна працуе, ды і працу наагул цяпер знайсьці цяжка.
Як кіраўнік маладзёвай арганізацыі я сутыкаюся з праблемай нежаданьня асноўнай часткі моладзі ўдзельнічаць у грамадзкіх мерапрыемствах. Канечне, знаходзяцца заўзятары грамадзкіх справаў, якія такім чынам самарэалізуюцца, асабліва гэта датычыць школьнай моладзі. Але асноўная частка моладзі, на вялікі жаль, не надта актыўна ўдзельнічае ў грамадзкай дзейнасьці, у палітычнай дзейнасьці. Яна ня думае, што, ахвяраваўшы трошкі свайго часу на грамадзкую працу, можа спадзявацца, што і ўласнае жыцьцё кожнага палепшыцца”.