Людміла Крывльцэвіч — карэнная жыхарка Салігорску. Цяпер студэнтка другога курсу філялягічнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту. Вывучае беларускую і ангельскую мову й літаратуру. Людміла перакананая ў пэрспэктыўнасьці свайго выбару, бо ўпэўненая, што родная мова зойме належнае месца ў сваёй краіне, а ангельская спросьціць кантакты з замежжам.
(Крывальцэвіч: ) “Я абрала спэцыяльнасьць, зьвязаную з ангельскай мовай і літаратурай для таго, каб выехаць за мяжу, пабачыць іншыя краіны. Але вось менавіта мэту — працаваць толькі за мяжой — я ніколі ня ставіла.
Паколькі я нарадзілася ў Салігорску, то прыехаўшы ў Менск многае для мяне было навіной. Бо тут шмат тэатраў. Дзеці, у адрозьненьне ад Салігорску, ня будуць марнаваць час і знойдуць — куды схадзіць і дзе адпачыць. У нас, у Салігорску, сытуацыя крыху іншая. Нажаль, не заўсёды я магу скарыстаць магчымасьць схадзіць куды-небудзь, бо шмат часу праводжу за навукай.
Наконт палітычнай сытуацыі у нашай дзяржаве мне разважаць, пэўна, крыху ранавата. А вось, што датычыць маёй вучобы на філфаку, то нешта зьмяніла бы. Бо выкладаецца шмат непатрэбных дысцыплінаў.
І яшчэ ў жыцьці нашай дзяржавы зьмяніла бы тое, каб больш прадметаў у школах і ўнівэрсытэтах выкладалася па-беларуску. Бо я патрыётка сваёй дзяржавы і, нягледзечы на тое, што вывучаю ангельскую мову, стараюся чытаць нейкую літаратуру й падручнікі на беларускай мове. Я лічу, што ведаю беларускую мову нашмат лепш, чым тую ж расейскую й нават ангельскую.
Цяжка адказаць на пытаньне: кім я бачу сябе ў будучыні, бо мара адна — атрымаць вышэйшую адукацыю і нешта зрабіць для сваёй краіны”.