Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Андрэева



Алена Андрэева, 18 гадоў, Бабруйск. У трохмесяцовым узросьце сям'я пераехала ў Нальчык, сталіцу Кабардзіна-Балкарыі, а празь дзевяць гадоў вярнулася на радзіму. Алёна займалася танцамі, плаваньнем, тэнісам, лёгкай атлетыкай, вучылася ў школе мадэляў і займалася рукапашным боем. Ад другой клясы марыла стаць журналісткай. Апошні год здымае ў Менску кватэру, вучыцца завочна на журфаку і працуе ў грамадзкіх арганізацыях.

(Андрэева: ) “Калі мне было тры месяцы, я пераехала ў Нальчык. Там усе расейцы альбо кабардзінцы, альбо балкарцы, і нам маці заўжды казала, што мы – беларусы. Брат, калі вучыўся ў школе, на нейкіх вечарынах, імпрэзах, ён заўжды сьпяваў беларускія песьні, якія вывучалі мы ў трох: маці, брат і я. А да мяне чарга так і не даходзіла. У садку я увесь час была "хахлушкай": кім заўгодна, але не беларускай. І калі вярнуліся сюды, не было жаданьня вучыць беларускую мову. Тады заканадаўства дазваляла, я на гэтым настойвала.

Так атрымалася, што ў сёмай клясе я пачала чытаць "Маладзёжны праспэкт", выданьне "Грамадзянскага форуму". Праз "Маладзёжны праспэкт" я даведалася пра "Беларускую маладзёжную", з "БМ" усё й пачалося. Далей была "Наша Ніва", далей зьявілася жаданьне пайсьці ў БПСМ, таму што ён для мяне быў "піянэрыяй" перад камсамолам і Маладым Фронтам. Дзякаваць Богу, БПСМ мінула, і я адразу трапіла ў Малады Фронт.

Я такі чалавек, што усё ўспрымаю блізка да сэрца. Апошнім часам што кранула – сытуацыя зь ліцэем.

Маё першае каханьне было ў Маладым Фронце. Я прыйшла, каб набыць касэту NRM, а рэалізатарам касэтаў па лініі БМА быў малады чалавек па імяні Валер. Мы зь ім сустрэліся аднойчы, каб замовіць касэту. Пасьля мы сустрэліся, каб я яе набыла. А пасьля мы сустрэліся, каб схадзіць на піва. Ну і так мы пачалі сустракацца (сьмяецца). Гэта было маё першае каханьне.

Бабруйск жыў і жыве за кошт Беларускага шыннага камбінату, які цяпер, нажаль, загінаецца. Ісьці гандляваць на рынак, альбо ў шапік, альбо ў лепшым выпалку ў краму мне ня хочацца. Гэта не маё, мне не цікава. Мне хочацца чагосьці большага. Менск -- сталіца, адсюль ўсе шляхі на ўсю кріну. тут большае поле для самарэалізацыі, тут больш магчымасьцяў для самарэалізацыі.

Мне падабаюцца мужчыны даволі раскаваныя, не закамплексаваныя, мужчыны з пачуцьцём гумару. Мужчыны, за якімі я сябе магу адчуваць, як за каменнай сьцяной. Такіх ня шмат.

Мне ў жыцьці ўсё падабаецца. Ёсьць моманты, якія псуюць настрой, але сказаць, што жыцьцё кепскае – не. Я аптымістка, я невыпраўная аптымістка. Я, пэўна, аптымісткай на ўсё жыцьцё застануся.”
XS
SM
MD
LG