Мянчук Сяржук Мацкойць мае спэцыяльнасьць машыніста аўтагрэйдэра, якая запатрабаваная на сталічным рынку працы. Аднак больш за два гады ён ня можа ўладкавацца на працу, што ёсьць вынікам ягонай актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Сяржук — кіраўнік Кальварыйскай суполкі Беларускага Народнага Фронту, адзін з актыўных абаронцаў мэмарыялу ў Курапатах. Сяржук перакананы, што будучыня Беларусі — у руках цяперашняй моладзі, і ад яе актыўнасьці залежыць, як хутка ў краіне распачнуцца перамены да лепшага.
(Мацкойць: ) “Я ўжо ня першы год у палітыцы, і мяне добра ведаюць і сябры, і афіцыйныя колы. Наколькі разумею, немалая справа, гэтаксама, заведзеная на мяне і ў КДБ, а таму не магу ўладкавацца на працу. Зараз паўстала яшчэ адна велізарная праблема: тры гады не магу абмяняць пашпарт. Гэта з-за таго, што адмовіўся служыць у гэтак званым “беларускім войску”, якое паводле ягоных мэтаў не адпавядае майму ўяўленьню пра войска і абарону дзяржавы.
Сытуацыю гэтую мяняць трэба і мяняць карэнна. Па-першае, трэба праводзіць сваю незалежную беларускую палітыку. Мы ня мусім глядзець у рот ані Маскве, ані Захаду. Мы мусім будаваць сваю незалежную дзяржаву, у якой галоўны прынцып — гэта той, што калі добра чалавеку, то добра й дзяржаве. І я бачу шлях толькі ў адзіным: нацыянальнае і духоўнае адраджэньне і пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы на грунце еднасьці.
Трэба мяняць уладу, пачынаючы зь мясцовых органаў і сканчаючы вярхоўнай. Мы цывілізаваны народ і мусім вырашаць свае пытаньні самі праз выбарныя органы. І ў гэтым кірунку мы распачынаем вялікую інфармацыйную кампанію, каб людзі ведалі — для чаго ёсьць улада, што народ мусіць кіраваць гэтай уладай.
Канечне, мне хацелася б працаваць па сваёй асноўнай спэцыяльнасьці — машыніст аўтагрэйдэра. Я хоць і даўно не працую, але і чытаю, і гляджу матэрыялы заходняга друку па будаўніцтву дарог, а таму дасканала валодаю інфармацыяй у гэтай галіне. І вось прыклад, які мяне самога вельмі ўразіў — гэта будаўніцтва менскай кальцавай дарогі на ўчастку Курапаты. Там парушаныя ўсе магчымыя тэхналёгіі выкананьня працы, і я ўпэўнены, што гэты кавалак дарогі праз тры–чатыры месяцы будзе ня толькі самым аварыйна-небясьпечным, а гэта станецца месцам, дзе бяз рызыкі для жыцьця праехаць будзе немагчыма.
Я хачу, каб у новай Беларусі, у якой я буду жыць, каб мае дзеці не паўтарылі мой лёс. Каб ім не давялося займацца палітыкай, а нармалёва будаваць сваё жыцьцё ў цывілізаванай краіне. Каб яны змаглі атрымаць тую адукацыю, якую б ім хацелася, паехаць адпачываць у любую краіну, якую бы захацелі. Каб у людзей быў прыстойны заробак і прыстойнае пэнсійнае забесьпячэньне.