Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Сяцко


Гэтае лета мы адстаялі: насамрэч цалкам аддалі яго ліцэю. І цяпер, калі ад 1 верасьня мы пачнем вучыцца – гэта ня проста вучыцца: мы ведаем, што мы зрабілі, за што мы стаялі, за што мы змагаліся. Таму што аддаўшы тры месяцы лета, якое можна было правесьці як-кольвечы, мы шмат чаго перадумалі, шмат зразумелі, шмат размаўлялі адзін з адным, з выкладнікамі. І гэта ўжо ня проста выкладнікі і дзеці, гэта ўжо іншы калектыў. Мы раней часта казалі, што ў нас іншыя стасункі з выкладнікамі, але зараз гэта настолькі блізкія людзі!

І асноўная прычына, чаму паўстае пытаньне далейшага падтрыманьня Коласаўскага ліцэя – для нас, для 4 курса – гэта праблема паступленьня. Таму што калі паступім мы, калі наш курс нешта атрымае, то і іншыя маладыя людзі будуць ісьці на першы курс. Цяпер гэта для нас нешта большае, і ліцэй цяпер нам можа даць больш, чым некалькі гадоў назад. Таму што ён даражэйшы, ён даражэй нам дадзены.

Цяпер для мяне вельмі актуальная праблема – кім стаць. Цяпер мне хацелася б паступіць у розныя месцы, зрабіць кар’еру рознага профілю, а я гэтага не магу сабе дазволіць. Я хачу працаваць у тэатры, але, па-першае, у нас немагчыма зарабляць гэтым. І мне падабаецца займацца правам, але тут таксама мне ня будзе хапаць іншага. І ў дадзены момант мяне хвалюе тое, што я шмат чаго хачу, але нічога зараз не магу рэалізаваць.

Праблема ў тым, што я ведаю, кім хачу стаць, але гэтых "кім" шмат. Прычым у некаторых гэта залежыць ад таго, куды яны могуць паступіць, чаго хочуць іхныя бацькі, а ў мяне такой праблемы няма, бо мяне ніхто нікуды ня гоніць, не штурхае. Таму я б ведала чаго я хачу, але проста разумею, што зрабіць гэтага не магу. Таму што мы не гіпербарэі ў гэтай краіне, мы ня можам зь сябе выціснуць больш, чым маем.
XS
SM
MD
LG