Уладзімер Антоненка, 24 гады, каля двух гадоў жыве ў Мюнхене. Асьпірант аднаго з навукова-дасьледчых інстытутаў у Мюнхене. Вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце, катэдра біяхіміі, потым рабіў дыплём пад Масквою, у Пушчына ў Інстытуце бялку. Пасьля дыплёму накіраваўся ў Нямеччыну.
(Антоненка: ) "Займаюся малекулярнай біялёгіяй. Мы дасьледуем геномы розных бактэрыяў, вывучаем, чаму яны, напрыклад, шкодныя для чалавека. Мы параўноваем патагенныя арганізмы зь непатагеннымі, робім высновы, як на шляху эвалюцыі яны зьмяняліся, каб рабіць інвазію ў арганізм чалавека і рабіцца паразітамі. Гэта такі агульны сэнс. Канкрэтна я вывучаю розныя сыстэмы мабільнасьці ДНК.
Думаю працягваць у гэтай лябараторыі, калі атрымаецца, а калі не – пабачым. Хацелася б вярнуцца на Радзіму і паспрабаваць працягнуць навуку ў гэтым кірунку.
Самы просты, канечне, шлях – гэта знайсьці сабе месца ў іншым інстытуце і працаваць, хоць у Брытаніі, хоць у Злучаных Штатах. Але цікавей, канечне, паспрабаваць узьняць узровень біялягічнай навукі ў Беларусі на эўрапейскі ўзровень, каб людзі ўсё ж спрабавалі вяртацца і рабіць нешта ў Беларусі. Чым больш людзей зь Беларусі атрымае адукацыю на эўрапейскім узроўні, тым больш верагодна, што хоць некалькі адсоткаў зь іх вернуцца ў Беларусь і будуць ужо ўздымаць беларускую навуку і адукацыю. Я не кажу, што беларуская адукацыя мае дрэнны ўзровень. Вельмі добры ўзровень, але, па-першае, ня трэба губляць тое, што ёсьць, а па-другое, трэба ўздымаць навуку. Навука – гэта рухавік адукацыі.
Мне падабаецца спорт. У свой час яшчэ ў Беларусі я зацікавіўся тайляндзкім боксам. Гэта кшталту кікбоксінгу, такі від баявога мастацтва. Беларусь лічыцца такой краінай, можна сказаць, эўрапейскай сталіцаю тайляндзкага боксу, як гэта не парадаксальна гучыць. Я не ведаю. чаму так сталася, але я ведаю, што ў Беларусі вельмі шмат клюбаў, якія займаюцца падрыхтоўкаю спартсмэнаў эўрапейскага ўзроўню. Шмат чэмпіёнаў сьвету ў Беларусі, у Менску вельмі знакамітыя клюбы "Чынук", "Кікфайтэр".
Я прачытаў "Дванаццатку" Янкі Запрудніка. Вельмі цікава было прачытаць пра лёс беларусаў за мяжою, як у той час яны спрабавалі займацца беларускімі справамі. Я больш упэўніўся ў тым, што гэта вельмі натуральна – займацца беларускай культурай за мяжой, каб замежная супольнасьць ведала больш пра Беларусь, прапагандаваць беларускую культуру. Можна сказаць, параўноўваю крыху свой лёс. Я таксама спрабую кантактаваць з тымі беларусамі, якія за мяжою, тут у Мюнхене і ўвогуле ў Нямеччыне”.