Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Кожурава



Натальля Кожурава – па адукацыі гісторык. Пасьля заканчэньня гістфаку БДУ працавала ў Нацыянальным архіве. Потым захапілася журналістыкай. Друкавалася ў газэтах “Раніца”, “Переходный возраст”, “Беларуская маладзёжная”. Цяпер публікуецца ў “Музыкальной газете”, “Свободных новостях”, іншых выданьнях. Піша пра сучасную беларускую моладзевую музыку. Вядомая чытачу як Алька Навасёлкіна.

(Натальля Кожурава: ) “Так атрымалася, што я, ня слухаўшы раней беларускай музыкі, пачала крытыкаваць гэтых самых музыкаў, за што некаторыя музыкі крыўдзіліся, некаторыя нават не хацелі размаўляць, гнеўныя факсы слалі…

Даволі цікава было працаваць спачатку, бо былі, я так лічу, часы росквіту беларускай музыкі (праўда, ужо ня самы пік росквіту, але такія адгалоскі росквіту) – 1997-98 год, калі беларуская музыка разьвівалася, асабліва моладзевая, альтэрнатыўная. Былі цікавыя каманды.

Прыкладам, тое, што адбываецца зараз, мне не падабаецца. Я не бачу нічога цікавага, і мне падаецца, што ўсё музыкі адхінулася ў камэрцыйны бок, і за гэтым камэрцыйным бокам ня бачна душы музыканта, ня бачна нейкіх ягоных эмоцыяў сапраўдных…

Неяк так здараецца дзіўна (на тым жа самым “Басовішчы”), што ўсе адкрыцьці –яны празь нейкі час закрываюцца, гэтыя адкрыцьці. Так было з той жа “Hasta la Fillsta”, якая зьнікла. Так было з гуртом “Exist”, так, у прынцыпе, я лічу, апынулася з гуртамі “Dеviation” і “Кальян”, якія нешта робяць у сваёй Горадні, але ніхто іх ня бачыць, ніхто іх ня чуе тут, у Менску. І казаць, што ёсьць нейкія яскравыя прыклады, што нешта “выбухнула”, нехта стаў зоркай у апошнія некалькі год – ну я ня ведаю… Гурт “Zet”? Але сьмешна іх называць новымі зоркамі, таму што ў склад гэтага гурта ўваходзяць удзельнікі іншых, больш вядомых гуртоў, той жа Лявон Вольскі, які сам па сабе – зорка, і зразумела, што любы праект, у якім Лявон будзе ўдзельнічаць, будзе папулярным.

А тое, што няма маладых гуртоў папулярных…Я лічу, магчыма, гэта з-за таго, што няма ніякай падтрымкі. Гэтыя гурты самі пракладаюць сабе шлях, і самі на гэтым шляху недзе губляюцца. Няма грошай, няма пляцовак, каб выступаць, няма нармальных андэграўндных клюбаў. Таму, я думаю, таленавітыя людзі ёсьць, але яны для сваіх сяброў, для знаёмых нешта там у падвальчыку граюць. А на публіку больш шырокую ім даволі цяжка выйсьці.

Мне здаецца, патрэбныя нейкія глябальныя зьмены ў грамадзтве. Па-першае, і самае галоўнае – наша грамадзтва не гатовае да таго, каб успрыняць беларускамоўнасьць. І ў музыцы, і наагул, у жыцьці… Тыя ж кіраўнікі радыёстанцыяў кажуць, што беларускамоўная музыка не карыстаецца попытам. Але тут атрымліваецца такое замкнёнае кола. Чаму яна не карыстаецца попытам? Таму, што яе нідзе не чутно. Калі б на тых жа станцыях круціць хаця б зрэдку беларускамоўныя песьні, можа, людзі паступова і прызвычаіліся да гэтай мовы, якая для большасьці чамусьці не зьяўляецца роднай. І можа, зь цягам часу гэта стала б нармальным. І можна было б тую ж камэрцыйную музыку рабіць па-беларуску.

А на сёньня музыкі, калі хочуць зрабіць сабе імя, зрабіцца папулярнымі, то ў іх адзінае выйсьце – працаваць па-расейску і прадавацца ў Расею. Таму што тут шоў-бізнэсу няма наагул, я лічу. Наколькі гэтую сытуацыю магчыма зьмяніць? Мне здаецца, у бліжэйшыя некалькі год сытуацыя ня зьменіцца.

Наагул па жыцьці я пэсыміст. Хаця я не скажу, што маё жыцьцё – у нэгатыўных фарбах… Мне здаецца, што лепей не спадзявацца на штосьці добрае, і калі гэта добрае раптам на цябе звальваецца,то радасьці значна больш, чым калі ты сядзіш і чакаеш… Трэба быць гатовым да ўсяго.

Хацелася б знайсьці добрую працу. Мне вельмі б хацелася працягваць працаваць у журналістыцы. Але сытуацыя на сёньня такая, што нармальна зарабляць і працаваць для душы ў нашай журналістыцы вельмі і вельмі складана. Працаваць у нейкіх забаўляльных выданьнях мне не падабаецца, бо гэта праца “левай нагой”. А таму даводзіцца неяк круціцца, працаваць у нейкіх камэрцыйных установах, знаходзіць нейкія новыя свае якасьці, прафэсійныя навыкі, пра якія ўжо забылася…”
XS
SM
MD
LG