Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Сюдак


Аляксей Сюдак, Вілейка. Завочна вучыцца ў менскім пэдагагічным унівэрсытэце на факультэце гісторыі. Працуе настаўнікам ў вёсцы Хадасы, што ў Вілейскім раёне. Займаецца скаўтынгам. Удзельнічае ў палітычным жыцьці свайго гораду. Ня паліць, не ўжывае моцнага алькаголю, займаецца спортам.

(Сюдак: ) "Аўтобус ідзе ў Хадасы вельмі рана, мне трэба падымацца дзесьці ў 05.30. Хутка ем, апранаюся, у 06.30 я сядаю ў аўтобус, еду ў школу. Адводжу ўрокі, а назад аўтобус ідзець аж у пяць (вечара). А ўрокі заканчваюцца ў 14 гадзін. Таму я пакуль дабіраюся дадому на папутках, я яшчэ кілямэтраў 10-15 магу пешшу прайсьці. Проста, мяне ўзялі год працаваць нават без адукацыі. І тады я паступіў на наступны год. І вось цяпер, працуючы ў гэтых Хадасах, я зразумеў, што ўсё ж такі, гэта больш, напэўна, для душы. таму што можа быць зараз я б сабе й працу тут знайшоў бы (у Вілейцы). Мне там вельмі падабаецца. Там добры калектыў настаўнікаў, і добрыя дзеткі. У прынцыпе і дарога: я ня вельмі й замарываюся... Да гэтага я працаваў у дзьвюх школах. Я зарабляў тысяч дзьвесьце.

Да скаўтынгу мяне прывёў мой школьны настаўнік Віталь Паўлоскі. Ён тады толькі прыйшоў малады настаўнік выкладаць фізыку. Размаўляў па-беларуску. Я быў такі вельмі хуліганісты вучань. Ён на мяне зьвярнуў увагу, запрасіў да скаўтынгу. У першую чаргу, гэта, напэўна, скаўцкае жыцьцё ў летніках. Гэта вялікая гульня, зь якой, я, пэўна, ужо вырас, бо скаўтынг – гэта больш для дзяцей. Хаця, мне проста прыемна быць у вандроўцы, сядзець каля вогнішча, дзе сьпяваюць. Мне падабаецца скаўцкае жыцьцё, наагул, мэты, задачы скаўтынгу: вырасьціць моладзь здаровую духоўна, фізычна. Мне цікава быць з гэтай моладзьдзю. Скаўты – гэта асяродак, які найбольш падыходзіць мне. Гэта нацыянальна сьвядомая моладзь. Для якой існуюць каштоўнасьці такія, якія ў мяне.

Цяпер я старшыня Вілейскай раённай рады БНФ. Але палітыкам я сябе ня бачу. Мне ня вельмі прыемна палітыкай. Я больш гэта раблю, таму што гэта трэба рабіць. Я гэта раблю для Беларусі. Магчыма, я буду працаваць настаўнікам. магчыма, я б заняўся бізнэсам, калі б у нас у краіне былі такія ўмовы. У мяне ёсьць шмат мараў наконт вандровак. Мне б хацелася на чоўнах прайсьці шлях з Варагаў у Грэкі. Можа, працаваў бы ў якім турыстычным агенцтве.

У Вілейцы вельмі цяжка знайсьці працу, але мне падабаецца менавіта Вілейка. Я пакуль жыву ў Менску на сэсіі, я вельмі доўга прызвычайваюся. Я люблю Вілейку. Мне ня трэба ні Канары, ні яшчэ што-небудзь. У Вілейцы мне лепш за ўсё, я не хачу зь яе зьяжджаць.

Чалавек павінен атрымаць веды, даведацца нешта. І такія маральныя якасьці, як, можа быць вера. Можа, вера ў Бога. Вера ў сябе. Каб чалавек ня йшоў на нейкія шкодныя ўчынкі. Каб чалавек заўсёды рабіў як яму падказвае сумленьне. Я думаю, гэта вырашыць усе праблемы ў грамадзтве".
XS
SM
MD
LG